Белорусский портал в Казахстане

Ільготы для абітурыентаў трэба перанесці ў матэрыяльную сферу



Такую думку выказаў 30 жніўня старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2013 годзе, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў.

"Кожны год мы аналізуем вынікі ўступнай кампаніі і выяўляем праблемныя пытанні, якія патрабуюць вырашэння. У 2011 і 2012 гадах былі зроблены рэкамендацыі, якія дакладна прапрацаваны ў Мінадукацыі, і быў падрыхтаваны праект новай рэдакцыі правіл прыёму, які не паспелі прыняць у гэтым годзе. Таму сёлетняя ўступная кампанія прайшла па старых правілах, і праблемы, адзначаныя раней, былі выяўлены і цяпер", - сказаў Анатоль Рубінаў.

Паводле яго слоў, яшчэ раз пацвердзілася, што трэба адмаўляцца ад ільгот, якія прымяняюцца адносна некаторых катэгорый абітурыентаў. "Хіба можа быць інжынер з ільготамі на веды або ўрач, якому не абавязкова мець узровень ведаў, як ва ўсіх, таму што ў яго асаблівыя абставіны? Усе льготы трэба перанесці ў матэрыяльную сферу. Трэба дапамагчы дзецям-сіротам - дзесьці вызваліць ад аплаты, прадаставіць інтэрнат, даць нейкія дапамогі. Але льгот на ўзроўні прафесіяналізму не павінна быць", - падкрэсліў старшыня дзяржкамісіі.

Ён адзначыў, што няма сэнсу праводзіць і раздзельны конкурс для абітурыентаў з сельскай мясцовасці і гарадоў: "Па-першае, таму што ў іх блізкія вынікі - апошнім часам больш як палавіна сельскіх жыхароў здаюць тэсты нараўне з абітурыентамі з горада. Па-другое, мы павінны разумець і дзяржаўныя інтарэсы. Раней нам трэба было ўкамплектаваць кадрамі растучую прамысловасць, сёння гэтай праблемы няма. Таму ў спецыяльных мерах, якія стымулявалі б прыток кадраў з вёскі ў горад, сэнсу няма".

Акрамя таго, Анатоль Рубінаў адзначыў, што трэба адыходзіць ад практыкі залічэння без конкурсу пераможцаў алімпіяд па такому прадмету, як грамадазнаўства. "Паколькі ў нас няма спецыяльнасці "грамадазнаўства", гэтыя людзі паступаюць на самыя прэстыжныя факультэты, дзе патрабуюцца вынікі гэтага экзамену. У гэтым годзе ў БДУ на "міжнароднае права" на 14 і 15 бюджэтных месц былі залічаны пераможцы алімпіяд па грамадазнаўству. Атрымліваецца, што людзі з вялікай колькасцю балаў не змаглі паступіць. Нельга сказаць, што "міжнароднае права" і "грамадазнаўства" на 100 працэнтаў карэлююць", - падкрэсліў старшыня дзяржкамісіі.

Таксама рэкамендуецца скараціць колькасць прадметаў, па якіх праводзіцца ЦТ, і ўніфікаваць іх для блізкіх спецыяльнасцей. Гэта навацыя можа быць уведзена для таго, каб абітурыент мог падаць дакументы на блізкую спецыяльнасць, калі бачыць, што не праходзіць на тую, якую выбраў.

Паводле слоў Анатоля Рубінава, праблемным застаецца пытанне ўзроўню ведаў па профільных прадметах, які часта бывае больш нізкі, чым па другарадных. Так, той, хто паступае на фізіка-матэматычны профіль, мае па матэматыцы і фізіцы больш нізкі бал, чым па мове і балу атэстата. "Трэба, каб профільныя прадметы адыгрывалі вызначальную ролю пры паступленні. Больш таго, мы прапануем Мінадукацыі прааналізаваць гэта пытанне і, магчыма, пайсці на тое, каб мову зрабіць у выглядзе заліку", - падкрэсліў спецыяліст.

Таксама захоўваюцца пытанні аб тым, каб парадак залічэння на спецыяльнасці культуры і мастацтва, незалежна ад ВНУ, быў аднолькавым, аб вызваленні ад унутранага экзамену пры паступленні на фізкультурныя факультэты майстроў спорту, а таксама аб увядзенні ў творчых ВНУ аўдыя- і відэазапісу ў час экзаменаў па "творчасці" для вырашэння спрэчных сітуацый.

30 жніўня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/61/23061
Текущая дата: 24.11.2024