Белорусский портал в Казахстане

Магілёў наважаны далучыцца да міжнароднага праекта ЮНІСЕФ "Горад, дружалюбны да дзяцей"



Аб гэтым паведаміў 21 жніўня на пасяджэнні Магілёўскага гарвыканкама начальнік гарадскога ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Яўген Дуплеўскі.

Магілёў наважаны стаць удзельнікам глабальнага праекта Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) "Горад, дружалюбны да дзяцей".

"Гэты праект дазволіць гораду больш эфектыўна ажыццяўляць сацыяльную палітыку ў дачыненні да дзяцей і іх сем`яў, павысіць узровень культуры падрастаючага пакалення, вырашаць пытанні з улікам меркавання дзяцей і моладзі, што ў цэлым будзе спрыяць росту міжнароднага аўтарытэту Магілёва", — заявіў чыноўнік.

Ён расказаў, што канцэпцыя гэтага праекта з 2000 года распаўсюджваецца ва ўсіх краінах свету. Ужо 21 горад Беларусі, нароўні са сталіцай, з`яўляюцца яго ўдзельнікамі. У праекце ўдзельнічаюць таксама Лондан, Парыж, Мюнхен, Масква, Вільнюс і многія іншыя гарады свету.

"Удзел у гэтай ініцыятыве азначае пастаяннае імкненне клапаціцца пра дзяцей і не спыняцца на дасягнутым. У межах "Горада, дружалюбнага да дзяцей" даецца магчымасць распрацаваць праграму, закліканую дапамагчы гораду стаць больш добразычлівымі да дзяцей ва ўсіх аспектах, якія датычацца кіравання інфраструктурай паслуг", — сказаў Дуплеўскі.

Паводле яго слоў, адметнасцю ініцыятывы з`яўляецца абавязковы ўдзел дзяцей і моладзі ў працэсах прыняцця рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы. "Дзеці і падлеткі самі змогуць думаць над тым, як і што трэба рабіць для добраўпарадкавання свайго двара, школы, раёна, каб горад стаў дружалюбным да іх пры спрыянні дарослых", — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі.

Ён таксама паведаміў, што ў гэтым навучальным годзе плануецца распачаць праект "Электронная школа", які ўключае ў сябе камунікацыю пры дапамозе камп`ютарных тэхналогій, пачынаючы ад электроннага доступу да ўстаноў адукацыі да вядзення электроннай дакументацыі — дзённіка і электроннага журнала.

Ад цяперашняй моладзі патрабуецца свабоднае валоданне замежнымі мовамі і камп`ютарнымі тэхналогіямі, адзначыў Дуплеўскі. У Магілёве ў 2013/2014 навучальным годзе акрамя англійскай мовы будзе вывучацца нямецкая (у 26 школах), французская (у 13 школах), іспанская (у дзвюх школах), італьянская у адной школе і польская таксама будзе вывучацца ў адной школе.

Паводле слоў Дуплеўскага, установы адукацыі Магілёва забяспечваюцца камп`ютарнай тэхнікай, камп`ютары абнаўляюцца і замяняюцца новымі. У прыватнасці, да новага навучальнага года будуць пастаўленыя пяць сучасных камп`ютарных класаў, пяць лінгафонных кабінетаў і іншае абсталяванне.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН
Магілёў, 22 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/62/22877
Текущая дата: 27.12.2024