Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта школьнікі заваявалі два срэбныя і тры бронзавыя медалі. XVI Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі (IESO 2023) праходзіла з 21 па 26 жніўня ў анлайн-фармаце. Краінамі-арганізатарамі сёлета выступілі Індыя, Ізраіль і КНР.
Спаборніцтвы ўключалі індывідуальны і групавы туры. У індывідуальным туры юныя географы дэманстравалі свае веды па геалогіі і палеагеаграфіі. Удзельнікаў групавога этапа размеркавалі па міжнародных камандах для выканання праблемных кейсаў па пытаннях змянення клімату. Усе заданні трэба было выконваць на англійскай мове.
У асабістым заліку «срэбра» заваяваў навучэнец 11 класа сталічнай гімназіі № 13 Арсень Лысак. Бронзавымі медалямі ўзнагароджаны дзесяцікласнікі сярэдняй школы № 18 горада Баранавічы Аляксандра Багданава і віцебскай гімназіі № 1 Вадзім Ігнаценка.
У групавым туры срэбнага медаля ўдастоены выпускнік Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Ягор Рабцэвіч, які выступаў у складзе зборнай школьнікаў з Эстоніі, Іспаніі, Францыі і ЗША. «Бронзай» адзначаны навучэнец 10 класа віцебскай гімназіі № 1 Вадзім Ігнаценка ў складзе зборнай школьнікаў з Фінляндыі, Італіі, Іспаніі і ЗША.
Усяго ў спаборніцтве прынялі ўдзел 179 школьнікаў з 32 краін свету.
Кіраўнікамі беларускай каманды выступілі першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч і дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута дадатковай адукацыі БДУ Уладзімір Махнач.
Даведка:
Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі (IESO) праводзіцца штогод з 2007 года пад патранажам Міжнароднай адукацыйнай арганізацыі па навуках аб Зямлі. Арганізуецца яна сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. IESO заклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да навук аб Зямлі, выявіць таленавітых і адораных навучэнцаў у дадзенай прадметнай вобласці. У наступным годзе алімпіяду плануюць правесці ў вочным рэжыме ў Пекіне (КНР).
Надзея Нікалаева
Звязда, 28 жніўня 2023
Звязда, 28 жніўня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-0/8/70829
Текущая дата: 24.11.2024