Белорусский портал в Казахстане

Вынікі першага ЦЭ: па рускай мове 100 балаў атрымалі 482 выпускнікі, па беларускай - 413



За ЦЭ па рускай мове 100 балаў атрымалі 482 выпускнікі, па беларускай - 413. Такая інфармацыя размешчана ў Telegram-канале Міністэрства адукацыі.

Першы цэнтралізаваны экзамен па рускай і беларускай мовах прайшоў у краіне 14 мая. У ім прынялі ўдзел больш за 53 тыс. 11-класнікаў. Па выніках ЦЭ па рускай мове 100 балаў атрымалі 482 выпускнікі, па беларускай - 413 навучэнцаў. У адукацыйным ведамстве адзначылі, што павелічэнне колькасці 100-бальных вынікаў у параўнанні з мінулымі гадамі тлумачыцца поўнай карэляцыяй тэставага матэрыялу з вучэбнай праграмай, а таксама выключэннем заданняў пятага ўзроўню складанасці. "Каля 10 працэнтаў выпускнікоў не змаглі пацвердзіць адзнакі 9 і 10 балаў, атрыманыя па выніках года. Вынікі экзамену паказалі, што выпускнікі школ, гімназій, ліцэяў даволі паспяхова справіліся з заданнямі. Вынікі 6, 7 і 8 балаў (па дзесяцібальнай шкале) паказалі амаль 60 працэнтаў удзельнікаў ЦЭ па дзяржаўных мовах, што ў цэлым супастаўна з вынікамі падагульняючай атэстацыі за апошнія два гады", - расказалі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

Згодна з аналізам вынікаў першых іспытаў, выпускнікі ў сярэднім справіліся прыкладна з 70 працэнтамі заданняў ЦЭ. "Разам з тым ёсць і даволі нізкія вынікі. Так, тэст па беларускай мове на 0 балаў выканалі 3 чалавекі, 1, 2 балы (па дзесяцібальнай шкале) атрымалі 63 навучэнцы па беларускай мове і 85 - па рускай. Улічваючы, што ІІІ ступень агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках профільнага навучання ў цэлым арыентавана на падрыхтоўку да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, трэба адказна падыходзіць да рашэння аб прадаўжэнні навучання пасля 9 класа. Абавязковую агульную сярэднюю адукацыі і спецыяльнасць навучэнцы могуць атрымаць, прадоўжыўшы навучанне ў прафесійных каледжах. У цэлым аналіз вынікаў першага цэнтралізаванага экзамену паказаў, што новая форма падагульняючай атэстацыі выпускнікоў школ апраўдала сябе", - адзначылі ў ведамстве.

Дэталёвы аналіз вынікаў ЦЭ будзе прадоўжаны з мэтай удасканалення тэставага матэрыялу, а таксама работы педагагічнага корпуса.

29 мая 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/1/69564
Текущая дата: 01.05.2024