Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 39,3 тыс. чалавек



Аб гэтым паведаміла кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна Караткевіч.

Таццяна Караткевіч адзначыла, што прыёмная кампанія ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы стартавала 20 ліпеня ў штатным рэжыме.

"Прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляюць 111 каледжаў, 10 з іх прыватнай формы ўласнасці, а таксама 86 устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усяго для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 39,3 тыс. чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту - 24,5 тыс.", - удакладніла яна.

Выпускнікі дзявятых класаў паступаюць па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступны іспыт (творчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці спорту). Выпускнікі адзінаццатых класаў здаюць два абавязковыя ўступныя іспыты па вучэбных прадметах у форме ЦТ. Пры паступленні на творчыя і спартыўныя спецыяльнасці абітурыентаў чакае ЦТ па мове (рускай або беларускай) і экзамен па спецыяльнасці.

"У выпадку, калі ў год, што папярэднічае прыёму, конкурс на месца складаў 1,5 чалавека і менш, то залічэнне ажыццяўляецца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (без прад`яўлення сертыфікатаў ЦТ), а на творчыя і спартыўныя спецыяльнасці - па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і рэзультату ўступнага іспыту па спецыяльнасці", - растлумачыла кансультант.

"Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй у скарочаны тэрмін, здаюць толькі ўступны іспыт па спецыяльнасці. Разам з тым, калі залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала, то ў дакуменце аб адукацыі ў абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй або прафтэхадукацыі, адзнака па вучэбным прадмеце агульнаадукацыйнага цыкла, што адпавядае профільнаму іспыту, павінна быць не ніжэйшай за чатыры балы", - дадала Таццяна Караткевіч.

Уступная кампанія ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі праходзіць з 20 ліпеня па 17 жніўня. Прымаць дакументы на бюджэт у абітурыентаў, якія маюць агульную базавую адукацыю, будуць па 3 жніўня. На платныя месцы тэрмін падачы ўстаноўлены па 14 жніўня. Здаць уступныя іспыты яны змогуць 4-8 жніўня. Залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту пройдзе па 10 жніўня, на платнай аснове - па 16 жніўня.

Прыём дакументаў на бюджэт ад тых, хто паступае з агульнай сярэдняй і прафтэхадукацыяй з агульнай сярэдняй адукацыяй, прадоўжыцца па 9 жніўня, а на платную форму навучання - па 16 жніўня. Здаць уступныя іспыты гэта катэгорыя абітурыентаў зможа 10-12 жніўня. Залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту пройдзе па 14 жніўня, на платнай аснове - па 17 жніўня.

Абітурыент павінен прадставіць у прыёмную камісію ССНУ пасведчанне, якое засведчвае асобу, заяву, дакумент аб адукацыі, а таксама сертыфікаты ЦТ, медыцынскую даведку, дакументы, што пацвярджаюць ільготы, калі такія ёсць, і фатаграфіі.

20 ліпеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/11/44242
Текущая дата: 24.11.2024