Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальны экзамен у школе, увядзенне якога цяпер прапрацоўваецца, будзе дадаткам да цэнтралiзаванага тэставання



Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі.

"Міністэрства адукацыі прапрацоўвае магчымасць правядзення праз некалькі гадоў для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі незалежнай атэстацыі і нацыянальнага экзамену. Абмяркоўваецца магчымасць правядзення ў 2019/2020 годзе незалежнай атэстацыі за 9-ты клас, а ў 2021/2022 навучальным годзе — нацыянальнага экзамену за 11-ты клас", — адзначылі ў прэс-службе.

Замест здачы іспытаў пісьмова ці вусна сваім настаўнікам у сваёй школе, выпускнікам будзе прапанавана здаць выпускны экзамен педагогам іншых устаноў адукацыі.

"Форму нацыянальнага экзамену прапаноўваецца зрабіць змешанай. Гэта азначае, што базай застанецца цэнтралізаванае тэставанне, а да яго яшчэ дадасца вусная ці пісьмовая частка іспытаў. Звяртаем асаблівую ўвагу — ЦТ змен не зведае! Спецыялісты прапаноўваюць падзяліць іспыты на дзве часткі. Першую здаюць тыя, хто праходзіць іспыты толькі як выпускны экзамен за курс сярэдняй школы, а першую і другую разам — для тых, хто вырашыць працягнуць навучанне ў ВНУ. Як будзе праходзіць экзамен першай часткі — яшчэ абмяркоўваецца. Адназначна толькі адно — гэта будзе форма незалежнага экзамену", — растлумачылі ў прэс-службе.

Пры гэтым цяпер разглядаецца прапанова ўвесці ў другой частцы іспытаў акрамя пісьмовых адказаў вусныя. "Гэту частку, магчыма, будуць распрацоўваць самі ўніверсітэты ў залежнасці ад спецыяльнасці, на якую прэтэндуе абітурыент. У другой частцы нацыянальнага экзамену заданні будуць рознымі для розных спецыяльнасцяў", — удакладнілі ў Мінадукацыі.

Спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў праводзяць вывучэнне магчымасцяў правядзення такіх іспытаў, адзначылі ў міністэрстве. "Будзе праведзена і шырокае абмеркаванне гэтых прапаноў і вывучэнне меркавання грамадскасці — настаўнікаў, педагогаў, дэпутатаў, бацькоў, дзяцей. Пытанне прапрацоўваецца на будучыню і ніякіх рэформаў, тым больш "рэвалюцый" самім выпускнікам як базавай (9-ты клас), так і сярэдняй (11-ты клас) ступені перажыць не давядзецца. Гаворка хутчэй ідзе аб праверцы той падрыхтоўкі, якую вядуць школы і гімназіі", — заключылі ў ведамстве.

Аб магчымым увядзенні ў беларускіх школах у найбліжэйшыя гады незалежнага выпускнога экзамену заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 23 кастрычніка. "Гэта вельмі важнае і няпростае пытанне, але мы да гэтага рыхтуемся. Прымаць экзамен будуць не настаўнікі з гэтай канкрэтнай школы, а камісія настаўнікаў з іншых школ, і не толькі са школ, каб ацэнка пры гэтым была больш аб`ектыўнай", — заявіў міністр.

У апошні час аб мэтазгоднасці пераходу ад цэнтралізаванага тэставання да класічных іспытаў пры паступленні ў ВНУ неаднаразова выказваўся Аляксандр Лукашэнка. "Не магу сказаць, якім шляхам ісці. Я ўжо прадумаў розныя варыянты: дзесьці, калі навука патрабуе дакладных адказаў — матэматыка, фізіка, — там, можа быць, і пакінуць цэнтралізаванае тэставанне. А па нейкіх прадметах трэба ўводзіць сумоўе, якое калісьці было", — заявіў ён 7 кастрычніка падчас сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу 5-га і 6-га скліканняў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 25 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/15/37481
Текущая дата: 24.11.2024