Белорусский портал в Казахстане

Беларускія школьнікі заваявалі «золата» і «срэбра» на Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы



Інтэлектуальнае спаборніцтва (IAFPhO 2021) праходзіла ва Узбекістане ў вочна-дыстанцыйным фармаце.

Залатыя медалі ў скарбонку нацыянальнай зборнай паклалі адзінаццацікласнікі з віцебскай гімназіі № 8 Максім Барынін і гомельскай гімназіі № 14 Платон Віннічак. Уладальнікам срэбнай узнагароды сталі навучэнец 11 класа ліцэя БДУ Платон Кастрыцкі і гомельскай гімназіі № 14 Ілья Філатаў.

Алімпіяда складалася з двух тураў: тэарэтычнага і эксперыментальнага.

Заданні першага тура ўяўлялі сабой «размінку» па трох розных раздзелах школьнай фізікі: гідрастатыка, кінематыка і хвалевая оптыка. Таксама ў тэарэтычным этапе навучэнцы вырашалі задачу, прысвечаную фізіцы папкорну. У ёй праводзіўся аналіз умоў, пры якіх адбываецца парыў абалонкі зерня кукурузы, разглядалася, як на гэты працэс уплывае ўтрыманне вады ў яе тканках, а таксама чаму выгадна рабіць папкорн пры паніжаным ціску.

Акрамя таго, удзельнікі разглядалі дынаміку руху кропкавага зараду па ўнутранай паверхні сферы ў полі іншага зараду з улікам гравітацыйнага ўзаемадзеяння з Зямлёй, знаходзілі магчымыя палажэнні раўнавагі падобнай сістэмы, аналізавалі ўстойлівасць гэтых палажэнняў.

Эксперыментальны тур уключаў даследаванні сіл сухога трэння, разбор з’яў застою і ўмоў пачатку слізгацення. Тут школьнікі арыентаваліся на свой досвед лабараторных работ і выконвалі заданні без выкарыстання абсталявання.

Усяго на алімпіядзе было разыграна 56 залатых, срэбных і бронзавых узнагарод сярод 127 прадстаўнікоў з 19 краін свету.

Міжнародная алімпіяда імя Ахмада Аль-Фергані (IAFPhO 2021) праходзіла сёлета ва Узбекістане ўпершыню. Ёй прысвоена імя сярэднявечнага навукоўца, фізіка, астранома і матэматыка, вядомага ў Еўропе пад імем Альфраганус. Яго работы па астраноміі перакладаліся на заходнія мовы, высока шанаваліся і выкарыстоўваліся ў якасці навучальнага дапаможніка для студэнтаў.

Надзея Нікалаева
Звязда, 24 лістапада 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/4/61791
Текущая дата: 18.05.2024