Міжнародная спецыялізаваная выстава «Медыцына і здароўе — 2022» пройдзе з 4 да 6 кастрычніка ў Мінску. Арганізатарам мерапрыемства выступае ЗАТ «Мінскэкспа».
У экспазіцыю ўніверсітэта ўвойдуць фармацэўтычныя прэпараты, харчовыя дабаўкі і медыцынскае абсталяванне. Сярод іх лекавы прэпарат «Антыспайк» для прафілактыкі ўтварэння спаек пры хірургічных умяшаннях на органах брушной поласці. Таксама ў лінейцы прэпаратаў проціпухлінныя лекі «Цысплацэл», «Праспідэлонг» і «Тэмадэкс». Першы ў прадстаўленай лінейцы прымяняецца для выдалення пухлін у вобласці галавы і шыі. «Праспідэлонг» і «Тэмадэкс» маюць гідрагелевую субстанцыю і выкарыстоўваюцца пры лакальнай хіміятэрапіі раку страўніка і галаўнога мозгу адпаведна. Устаноўка агульнай гіпертэрміі «Пціч-М» прымяняецца пры комплекснай барацьбе з анказахворваннямі.
Наведвальнікам выставы пакажуць спецыяльную прыстаўку да камп’ютара для ацэнкі стану дыхальнай сістэмы чалавека — спірометр МАС-1-ПК. З яго дапамогай можна вымераць параметры знешняга дыхання і супаставіць іх з нарматывамі.
У ліку інавацый універсітэта — рэхасінускоп ультрагукавы «ЭСУ-01Д». Прыбор выкарыстоўваецца для аператыўнай дыягностыкі верхнясківічных і лобных пазух у лячэбнай практыцы і скрынінгавых абследаваннях. Дазваляе без выкарыстання рэнтгену вызначыць наяўнасць і ўзровень запаўнення пазух эксудатам (вадкасцю, якая ўтвараецца пры запаленні), глыбіню пазух, таўшчыню пярэдніх сценак і наяўнасць паталагічных утварэнняў. Прыбор просты і бяспечны ў выкарыстанні, валодае высокай адчувальнасцю і дазваляе аператыўна атрымліваць даныя абследавання.
Таксама сярод выставачных экспанатаў — матэматычныя мадэлі для хірургічнай практыкі, неспецыфічныя лячэбна-прафілактычныя біяпрэпараты для барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі, ядомыя плёнкі і пакрыцці на аснове поліцукрыдаў і раслінных антымікробных і антыаксідантных дабавак, экспрэс-дыягностыка віруснай ДНК і г. д.
Падрабязная інфармацыя аб распрацоўках у галіне аховы здароўя, іх канкурэнтных перавагах, тэхнічных характарыстыках будзе прадстаўлена на тэматычных плакатах і ў мультымедыйных прэзентацыях.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/4/66697
Текущая дата: 23.11.2024