Белорусский портал в Казахстане

У БДУ прапанавалі індывідуальны навуковы падыход для ўстаноўкі зубных імплантаў



Навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта распрацавалі механіка-матэматычную 3D-мадэль ніжняй сківіцы чалавека для правільнай устаноўкі імплантаў.

Імплантацыйнае лячэнне пацыентаў у цяперашні час з’яўляецца распаўсюджаным і самым эфектыўным спосабам аднаўлення зубнога шэрагу. Імплант змяшчаецца ў костку сківіцы ў вобласць, дзе раней размяшчаўся корань зуба. Далей ідзе перыяд остэаінтэграцыі ці зрошчвання, які можа доўжыцца да пяці месяцаў.

У гэты момант верагоднае адрыньванне. Таксама магчымыя наступныя ўскладненні, звязаныя са стратай апорнай здольнасці імпланта. Адной з прычын гэтых праблем з’яўляецца яго некарэктнае размяшчэнне.

Навукоўцы БДУ стварылі механіка-матэматычную 3D-мадэль, якая дазваляе разлічыць дакладнае геаметрычнае размяшчэнне імплантаў з улікам індывідуальных асаблівасцяў пацыента. Гэта спрыяе скарачэнню тэрмінаў лячэння дзякуючы папярэдняму ацэньванню магчымай рэакцыі зубоў на нагрузку.

Для стварэння індывідуальнай мадэлі спачатку робіцца тамаграфічны здымак сківіцы, далей у спецыяльным дадатку для апрацоўкі медыцынскіх малюнкаў 3DSlicer яна праектуецца. Для правядзення вылічальнага эксперыменту ўлічваюцца гранічныя ўмовы для сківіцы канкрэтнага чалавека. Гэта дзеянне цягліцавых сіл і фізіялагічная жавальная нагрузка. Яе велічыня залежыць ад асаблівасцей прыкусу і цвёрдасці прадуктаў харчавання. Вынікі разліку прадстаўляюцца ў выглядзе дыяграмы, на якой выдзелены вобласці з больш высокім механічным напружаннем і дэфармацыямі.

З дапамогай 3D-мадэлі ўрачы могуць аказваць кансультацыйныя і навукова-тэхнічныя паслугі. Таксама распрацоўка можа быць скарыстана для планавання хірургічных аперацый.

Праца над стварэннем 3D-мадэлі вядзецца з 2020 года. На дадзены момант распрацоўка знаходзіцца на этапе правядзення доследаў.

Праект выконваюць аспірант механіка-матэматычнага факультэта БДУ Дзмітрый Назаранка і дэкан Сяргей Басякоў. Запыт на колькаснае рашэнне задач па ўстаноўцы імплантатаў паступіў ад супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Акрамя таго, навукоўцамі-медыкамі праводзілася кансультацыйнае суправаджэнне распрацоўкі.

Надзея Нікалаева
Звязда, 24 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/4/68127
Текущая дата: 23.11.2024