Белорусский портал в Казахстане

Стаў вядомы графік школьных канікулаў у новым навучальным годзе



Міністэрства адукацыі Беларусі вызначыла графік школьных канікулаў у 2019/2020 навучальным годзе. Тэрміны пазначаны ў інструктыўна-метадычным пісьме ведамства, якое размешчана на яго сайце.

Так, асеннія канікулы прадоўжацца дзевяць дзён - з 1 па 9 лістапада ўключна. На зімовых школьнікі будуць адпачываць 17 дзён - з 26 снежня 2019 года па 11 студзеня 2020-га ўключна. Вясеннія канікулы самыя кароткія, яны прадоўжацца шэсць дзён (з 30 сакавіка па 4 красавіка 2020 года ўключна). Летам школьнікі будуць адпачываць 92 дні, з 1 чэрвеня па 31 жніўня.

Выключэнне - тыя, хто скончыў дзявятыя класы. У іх канікулы пачнуцца пасля экзаменаў з 11 чэрвеня і прадоўжацца таксама па 31 жніўня.

У Мінадукацыі адзначылі, што для вучняў з першых-другіх класаў (трэціх класаў - для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі), у трэцяй чвэрці праводзяцца дадатковыя зімовыя канікулы з 17 па 23 лютага 2020 года працягласцю 7 дзён.

Акрамя таго, на сайце Мінадукацыі размешчаны ўзоры ўзгодненых і рэкамендаваных ім вокладак дзённікаў. Іх у новым навучальным годзе ўпрыгожаць беларускія славутасці: Нацыянальная бібліятэка, помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыну ў Мінску, Мірскі замак, Магілёўская ратуша, а таксама нацыянальныя сімвалы - зубры, буслы, валошкі.

Як паведамлялася, у 2019 годзе Дзень ведаў у Беларусі пройдзе 2 верасня. Тэмай першага ўрока паслужыць радок з верша Янкі Купалы "Маладая Беларусь" - "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!".

Плануецца, што ў новым навучальным годзе заняткі пачнуць 1 млн 30 тыс. школьнікаў, у тым ліку 115 тыс. першакласнікаў. Усе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны педагагічнымі кадрамі. У 2019 годзе на работу сюды накіраваны 4,3 тыс. маладых спецыялістаў.

19 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/9/49308
Текущая дата: 24.11.2024