Белорусский портал в Казахстане

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны з`явяцца новыя спецыяльнасці



У бягучым годзе адразу тры факультэты збіраюцца прапанаваць абітурыентам новыя напрамкі падрыхтоўкі.

На факультэце матэматыкі і тэхналогій праграмавання з’явіцца спецыяльнасць "Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм) са спецыялізацыяй "Мультымедыйныя сістэмы і інтэрнэт-праграмаванне".

Патрэба рэгіянальнага рынку працы ў высокакваліфікаваных спецыялістах па сучасных інфармацыйных тэхналогіях застаецца вельмі высокай. Кампаніям патрабуюцца супрацоўнікі, якія дасканала ведаюць аперацыйныя сістэмы, падрыхтаваныя да распрацоўкі праграмнага забеспячэння з выкарыстаннем моў праграмавання розных узроўняў.

Выпускнікі ў перспектыве змогуць заявіць пра сябе як праекціроўшчыкі інфармацыйных сістэм, менеджары праграмных праектаў, спецыялісты па тэставанні праграмных прадуктаў, выкладчыкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

На гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў гэтым годзе будзе абвешчаны першы набор на спецыяльнасць "Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)".

У працэсе навучання будучыя спецыялісты набудуць глыбокія веды ў галіне турызму і замежных моў (англійскай, нямецкай), атрымаюць кваліфікацыю "спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт (англійская і нямецкая мовы)". Набытыя веды і навыкі дазволяць ім прасоўваць інтарэсы айчыннага бізнесу на замежным рынку.

Філалагічны факультэт адкрые набор на спецыяльнасць "Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)". Асноўнай задачай дадзенага кірунку з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў, якія валодаюць гуманітарнымі тэхналогіямі ў сферы камунікацыі і выкладання, фарміраванне ў іх камунікатыўных ведаў і ўменняў у галіне міжасобаснага і сацыяльнага ўзаемадзеяння. Важны для абітурыентаў нюанс: пры паступленні на гэтую спецыяльнасць захоўваюцца льготы, якія дзейнічаюць пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці.

Па ўсіх новых спецыяльнасцях прадугледжана дзённая форма навучання.

Надзея Нікалаева
Звязда, 7 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-1/9/52555
Текущая дата: 24.11.2024