Белорусский портал в Казахстане

Беларусы ўзялі срэбныя і бронзавыя медалі на алімпіядзе па інфарматыцы ў Баку



Аб гэтым паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.

Беларуская каманда ўзяла срэбныя і бронзавыя медалі на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы (International Olympiad in Informatics, IOI), якая прайшла ў Баку 4-11 жніўня.

Па выніках удзелу ў алімпіядзе на рахунку беларусаў два срэбныя і два бронзавыя медалі. Каманда складалася з чатырох пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы 2018/2019 навучальнага года. У яе ўвайшлі навучэнцы ліцэя БДУ і віцебскай гімназіі нумар 8, а таксама выпускнікі сярэдняй школы нумар 2 Лунінца і гімназіі нумар 1 Брэста. Кіравалі камандай выкладчыкі Белдзяржуніверсітэта.

Паспяховай для прадстаўнікоў Беларусі стала і міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы (IOAA), якая прайшла 2-10 жніўня ў гарадах Кестхей і Хевіз у Венгрыі. Беларусы заваявалі дзве бронзавыя ўзнагароды, у тым ліку адну ў камандных спаборніцтвах, для ўдзелу ў якіх аб`ядноўваюцца прадстаўнікі розных краін.

У Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы прынялі ўдзел 260 прадстаўнікоў з 47 краін свету. У каманду Беларусі ўвайшлі пяць чалавек, у тым ліку з ліцэя БДУ, сярэдняй школы нумар 2 Гомеля і гімназіі нумар 1 Жодзіна. Усе яны пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі ў 2018/2019 навучальным годзе. Кіравалі камандай выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

IOI - адно з найбольш прэстыжных інтэлектуальных спаборніцтваў навучэнцаў па праграміраванні. У 2019 годзе ў алімпіядзе прынялі ўдзел 327 удзельнікаў з 87 краін свету. Упершыню яна адбылася ў 1989 годзе ў баўгарскім горадзе Правец.

IOI праходзіць у два туры, у кожным з іх навучэнцы індывідуальна рашаюць па тры задачы, выкарыстоўваючы некалькі моў праграміравання.

IOAA - штогадовае спаборніцтва навучэнцаў, якое складаецца з трох тураў: тэарэтычнага, аналізу даных, а таксама наглядальнага (простым вокам, з дапамогай тэлескопа, у планетарыі). Туры праводзяцца на працягу некалькіх дзён, на выкананне заданняў адводзіцца ад 45 хвілін да 5 гадзін.

13 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/1/49207
Текущая дата: 19.04.2024