Белорусский портал в Казахстане

Экзамены ўжо не за гарамі...



У Беларусі для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў апошні званок празвініць 24 траўня.

2 чэрвеня для дзевяцікласнікаў па нацыянальным тэлебачанні і радыё прагучаць тэксты пераказу. Экзаменацыйныя іспыты ў іх працягнуцца з 2 да 13 чэрвеня, а здаваць яны будуць чатыры прадметы — пісьмовыя пераказы па рускай і беларускай мовах, матэматыку (таксама пісьмова) і гісторыю па білетах (вусна). Крыху раней стартуе цэнтралізаваны экзамен для выпускнікоў 11-х класаў — 26 траўня пройдзе першы этап, дзе вучні будуць здаваць экзамен на выбар. 29 траўня— другі этап, які ўключыць іспыты па рускай або беларускай мове (таксама на выбар).

ЦЭ: што можна і што нельга

— У гэтым навучальным годзе са школ Беларусі выходзяць больш за 56 тысяч выпускнікоў 11-х класаў і больш за 102 тысячы — дзявятых, — расказвае кансультант упраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла Кудаярава. — Як вядома, рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен ужо завяршылася. Вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні, для 56 977 выпускнікоў падрыхтаваны 113 850 тэстаў. Тэставы матэрыял не змяніўся і будзе ўключаць заданні 1–5 узроўняў складанасці.

Асобна кансультант спынілася на пытанні, якое хвалюе многіх бацькоў школьнікаў: хто можа быць вызвалены ад цэнтралізаваных экзаменаў і што з’яўляецца важкай прычынай для гэтага?

— Ад цэнтралізаваных экзаменаў могуць быць вызвалены пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. А таксама школьнікі, якія навучаліся дома па медыцынскіх паказаннях, — растлумачыла Анжэла Кудаярава. — Але бацькі школьнікаў або іх законныя прадстаўнікі не пазней чым за 5 дзён да завяршэння рэгістрацыі на ЦЭ павінны падаць кіраўніку ўстановы адукацыі (упаўнаважанай ім асобе) адпаведную заяву.

Спецыяліст Мінадукацыі агучыла яшчэ адзін важны нюанс: калі школьнік, які навучаўся дома, вырашыць скарыстацца магчымасцю вызвалення ад ЦЭ, ён пазбаўляецца права ў 2025 годзе праходзіць рэгістрацыю на цэнтралізаванае тэставанне і, такім чынам, не зможа паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

— Хачу яшчэ раз нагадаць выпускнікам, якія маюць намер праходзіць цэнтралізаванае тэставанне, што сёлета забарона на выкарыстанне смартфонаў і сродкаў аўдыя-, відэа-, фотафіксацыі распаўсюджваецца на ўсёй тэрыторыі пункта правядзення ЦЭ, — працягнула кансультант упраўлення.

Па словах Анжэлы Кудаяравай, з гэтага года забаронена прысутнасць у аўдыторыях, дзе праходзіць ЦЭ, і педагогаў-прадметнікаў.

Апошні званок: дзе і калі

— Рэспубліканскі апошні званок пройдзе 22–23 траўня ў Гомелі. Правядзенне такога свята стала ўжо добрай традыцыяй для краіны, упершыню яго правялі ў Мінску ў 2018 годзе, пасля чаго падзею прымалі Орша, Бабруйск, Маладзечна, Ліда і Брэст, — расказала намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ганна Аверына. — 2025-ы — год асаблівы, мы адсвяткавалі 80-годдзе Вялікай Перамогі. Таму пачнецца грандыёзнае мерапрыемства з ускладання кветак да помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны. У планах першага дня таксама — святочная праграма, канцэрты. Закончыцца ён маляўнічым салютам. На другі дзень працягнецца патрыятычная праграма, і выпускнікі наведаюць шчымлівы і журботны мемарыял «Чырвоны Бераг», прысвечаны дзецям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай.

Паводле яе слоў, месца правядзення апошняга званка выбрана не выпадкова: абласному цэнтру было прысвоена ганаровае званне «Моладзевая сталіца Беларусі — 2025». Удзельнікамі мерапрыемства стануць найлепшыя выпускнікі 11-х класаў з усёй краіны: пераможцы алімпіяд, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, спаборніцтваў. З кожнага рэгіёна і Мінска прыедуць па 100 чалавек, з Гомеля і Гомельскай вобласці — каля тысячы.

Алена Вінаградава
Звязда, 20 траўня 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/1/78081
Текущая дата: 22.05.2025