Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўніца БДУ Кацярына Роўда стала лаўрэатам міжнароднай прэміі СНД «Садружнасць дэбютаў»



Прэмія «Садружнасць дэбютаў» прысуджана супрацоўніку Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Кацярыне Роўда. Гэтай узнагароды яна ўдастоена за творчы ўклад у развіццё і папулярызацыю кнігі і чытання.

Міжнародная прэмія прысуджалася па выніках 2019 года, які ў СНД быў абвешчаны Годам кнігі. На суісканне былі вылучаны прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Азербайджана, Малдовы, Кыргызстана і Таджыкістана. Штогод колькасць прэмій роўная ліку дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе.

Конкурс праводзіцца з 2008 года сярод маладых спецыялістаў да 35 гадоў з краін СНД. Прэмія прысуджаецца за лепшыя творы, працу або дасягненні, прысвечаныя тэматыцы гуманітарнага года.

Заснавальнікамі выступаюць Савет па гуманітарным супрацоўніцтве і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Кацярына Роўда ў 2018 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ. У Фундаментальнай бібліятэцы ўніверсітэта працуе з 2014 года. З’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2017 года, кіраўніком клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБА», галоўным рэдактарам ​​альманаха «аБДУмана», кіраўніком праекта «Карані».

З’яўляецца аўтарам зборнікаў вершаў на рускай і беларускай мовах «Водар Белага налiву» (2016), «Паэтычныя КаРункi» (2019). Лаўрэат конкурсаў «Славянскі калейдаскоп», «Таленты Беларусі», намінант на нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Лепшы дэбют» (2014-2016), лаўрэат прэміі «Адкрыццё года» ў галіне літаратуры (2017), міжнароднага літаратурнага конкурсу «Паршацвет» (2018), пераможца міжнароднага конкурсу «Сузор’е духоўнасці» (2018) і конкурсу, прымеркаванага да Дня яднання Беларусі і Расіі (2019).

Надзея Нікалаева
Звязда, 30 ноября 2020І

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/10/57313
Текущая дата: 11.05.2024