Белорусский портал в Казахстане

Вучаніца 10 класа ўзяла «золата» XVІІІ Міжнароднага юніёрскага ляснога конкурсу



Вучаніца 10 класа Асіповіцкай СШ № 3 Марыя Серабракова ўзяла «золата» XVІІІ Міжнароднага юніёрскага ляснога конкурсу, які праходзіў дыстанцыйна. У фінале ўдзельнічалі 25 канкурсантаў з Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі.

16-гадовая Марыя — пераможца рэспубліканскага злёту юных лесаводаў і юных эколагаў, міжнароднага форуму студэнцкай і навучэнскай моладзі «Першы крок у навуку — 2021», прызёр рэспубліканскага этапу юніёрскага ляснога конкурсу «Квітней, мой лес».

Тэма яе навукова-даследчай работы — «Мікалагічны маніторынг лясных экасістэм і апрабацыя методык павышэння ўраджайнасці грыбных мясцін». Дзяўчына вывучала, як можна павялічыць ураджайнасць белых грыбоў у лясах, а таксама вырошчванне вешанак на прыватных падворках. На працягу пяці гадоў Марыя адпрацоўвала на практыцы на ўзлесках свой метад павелічэння росту ўраджайнасці грыбоў. А грыбы-вешанкі вырошчвала на прыватным падворку ў іншай школьніцы — васьмікласніцы Арыны Барадаўкі, якая з`яўляецца сааўтарам школьнай даследчай работы.

Два другія месцы журы прысудзіла работам юніёраў з Аўстрыі і Бразіліі. Трэція месцы — у прадстаўнікоў Расіі і Кітая.

Міжнародны юніёрскі лясны конкурс праводзіцца па ініцыятыве Федэральнага агенцтва лясной гаспадаркі (Расійская Федэрацыя) з 2004 года ў мэтах прыцягнення ўвагі маладога пакалення да пытанняў экалогіі, умацавання статусу і папулярызацыі лесаводчых прафесій сярод моладзі.

Конкурс накіраваны на набыццё юнымі лесаводамі дадатковых ведаў у галіне экалогіі і лясной гаспадаркі, а таксама на азнаямленне з актуальнымі праблемамі і перспектывамі развіцця лясной гаспадаркі ў свеце.

Штогод у мерапрыемстве бяруць удзел дзясяткі школьнікаў і студэнтаў з краін Азіі, Афрыкі, Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Удзельнікі конкурсу — школьнікі і студэнты ва ўзросце ад 14 да 22 гадоў, якія ажыццяўляюць навукова-практычныя праекты ў галіне лесаводства і аховы навакольнага асяроддзя.

За 17 гадоў свайго існавання конкурс праходзіў у Маскве і Маскоўскай вобласці, Санкт-Пецярбургу, Пецяргофе, Варонежы, Суздалі і Ханты-Мансійску.

Беларусь з`яўляецца пастаянным удзельнікам Міжнароднага юніёрскага ляснога конкурсу. У скарбонцы беларускіх прадстаўнікоў — прызавыя месцы, дыпломы за найлепшыя дасягненні, а таксама за актыўны ўдзел у конкурсе.

Надзея Нікалаева
Звязда, 22 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/10/62466
Текущая дата: 24.11.2024