Белорусский портал в Казахстане

У БДУ прымаюць заяўкі на ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе сацыяльных праектаў «Social innovations»



Да ўдзелу запрашаюцца студэнты 2–4 курсаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Расіі, якія вучацца па спецыяльнасцях «сацыяльная работа», «сацыяльная педагогіка», «псіхалогія» і «канфлікталогія».

Каб стаць удзельнікам інтэлектуальнага спаборніцтва, неабходна зарэгістраваць каманду з пяці чалавек да 12 сакавіка ўключна па спасылцы.

Зборным камандам прапануецца падрыхтаваць да 25 сакавіка сацыяльны праект «У фокусе — сям’я», накіраваны на вырашэнне актуальнай сацыяльнай праблемы сям’і і шлюбу шляхам укаранення сацыяльных інавацыйных тэхналогій.

Таксама да 30 сакавіка трэба прадставіць свае каманды ў троххвілінным тэматычным відэароліку на тэму «Важнасць дапаможных прафесій у сучасным свеце». Работы прымаюцца па электроннай пошце: Socinffsn@mail.ru.

Абарона праектаў адбудзецца 31 сакавіка ў анлайн-фармаце. Па выніках прэзентацый работ журы выбера тры каманды-пераможцы. Прызёраў узнагародзяць дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Арганізатарам мерапрыемства выступае факультэт філасофіі і сацыяльных навук (ФФСП) БДУ. З падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайце ФФСП.

Надзея Нікалаева
Звязда, 9 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/10/63893
Текущая дата: 24.11.2024