Белорусский портал в Казахстане

Беларуская адукацыя каціруецца ў свеце, таму ВНУ важна павялічваць экспарт адукацыйных паслуг



Такое меркаванне 5-га лістапада выказаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Сёння ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць Ігар Петрышэнка правёў сустрэчу са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У час адкрытага дыялогу гаварылі ў тым ліку аб развіцці медыцынскай адукацыі. Віцэ-прэм’ер адзначыў: Гродзенскі медуніверсітэт — адна з вядучых медыцынскіх ВНУ краіны.

«Што датычыцца перспектыў, то абмяркоўвалі сёння павелічэнне экспарту адукацыйных паслуг. Тым больш той узровень адукацыі, які даецца ў нашай краіне, у тым ліку і ў Гродзенскім медуніверсітэце, па падрыхтоўцы спецыялістаў, каціруецца ў свеце. Людзі з розных краін, з розных куткоў зямнога шара ведаюць аб гэтым, прыязджаюць вучыцца, атрымліваюць грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку і едуць на радзіму добрымі спецыялістамі», — адзначыў Ігар Петрышэнка. Ён падкрэсліў, што важна пастаянна ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу навучальных устаноў, аператыўна ўкараняць сучасныя напрацоўкі і тэхналогіі. У Гродне для гэтага робіцца нямала. Ёсць, у прыватнасці, планы па закупцы новага сімуляцыйнага абсталявання.

Абмеркавалі ў час сустрэчы і пілотны праект універсітэцкай клінікі. У 2019 годзе абласная бальніца і медуніверсітэт сталі комплексам, які даў магчымасць аб’яднаць практычныя і тэарэтычныя напрацоўкі для больш эфектыўнага аказання медыцынскіх паслуг і павышэння якасці адукацыі.

«У цэлым у развіццё сістэмы аховы здароўя па ўсёй краіне дзяржава ўкладвае вялікія грошы, каб кожны чалавек быў упэўнены ў тым, што пры неабходнасці атрымае ўвесь комплекс высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Гродна ў гэтым плане не выключэнне. Раней вобласць была адзінай у краіне, дзе не было спецыялізаванай установы па аказанні анкалагічнай дапамогі. Цяпер рэканструюецца гарадская бальніца нумар 3 Гродна пад абласны анкалагічны дыспансер. Новы медыцынскі цэнтр будзе адпавядаць самым высокім патрабаванням. Першую чаргу плануюць здаць у 2022 годзе, поўнасцю ж увядуць дыспансер у строй да 2025 года. Неабходнае фінансаванне на рэалізацыю праекта выдзелена.

Ігар Петрышэнка падзякаваў студэнтам і супрацоўнікам універсітэта за тое, што яны ў пандэмію не засталіся ўбаку, дапамагалі. Многія з іх працуюць у «чырвоных зонах». Адзначыў віцэ-прэм’ер і высокі ўзровень вакцынацыі ў Гродзенскім медуніверсітэце. Медыкі адказна паставіліся да гэтага пытання: сярод студэнтаў і выкладчыкаў больш за 80 працэнтаў прышчэплены. Актыўна вакцынаваліся і замежныя студэнты.

«Сустрэча праходзіць напярэдадні важнага свята — 7 Лістапада. Яно атрымала новае развіццё: улады даюць справаздачу перад людзьмі, расказваюць аб тым, што зроблена, як захоўваюцца традыцыі. Важна і тое, што ўводзяцца новыя аб’екты. Гэта таксама адна з традыцый свята», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Сёння ён, дарэчы, прымае ўдзел у адкрыцці другой чаргі навукова-тэхналагічнага парка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У будынку плошчай каля 6,5 тыс. кв.м размясціліся вытворчыя і офісныя памяшканні, канферэнц-зала, каворкінг-цэнтр.

Таксама з удзелам віцэ-прэм’ера сёння ўрачыста адкрыюць музейную экспазіцыю ў старым Замку ў Гродне. У замку завершаны адзін з этапаў рэканструкцыі.

Звязда, 5 лістапада 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/11/62014
Текущая дата: 28.12.2024