Белорусский портал в Казахстане

Да пытання сумяшчэння выпускных і ўступных экзаменаў трэба падыходзіць узважана і абдумана



І для гэтага неабходны пэўны час, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас нарады па пытаннях змянення фармату падагульняючай атэстацыі на ІІІ ступені сярэдняй адукацыі і ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Цяпер праходзіць комплекснае абмеркаванне гэтага пытання з усімі зацікаўленымі. Сёння ўдзел у дыскусіі прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

"Пытанне магчымага сумяшчэння экзаменаў у школе з цэнтралізаваным тэсціраваннем разглядаецца ўважліва. Як гэта канчаткова будзе, мы вызначымся крыху пазней, - расказаў Ігар Карпенка. - Прааналізавалі ўжо грамадскую думку. Ёсць пэўныя зрэзы, у тым ліку пакет канкрэтных прапаноў ад грамадскасці. Трэба адзначыць, усё гэта даволі пазітыўна ўспрымаецца. Сёння да дыскусіі далучыўся дэпутацкі корпус. Акрамя таго, у нас плануецца пасяджэнне грамадскага кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі. Мы паведамім аб выніках усіх гэтых абмеркаванняў кіраўніку дзяржавы і, хутчэй за ўсё, на яго ўзроўні адбудзецца адпаведная нарада, дзе будзе прынята канчатковае рашэнне, як мы будзем дзейнічаць".

Міністр нагадаў, што Прэзідэнт таксама ставіў перад профільным ведамствам задачу перагледзець фармат правядзення ўступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, каб бачыць кожнага абітурыента. "Мы разглядаем варыянты магчымага сумяшчэння традыцыйнага цэнтралізаванага тэсціравання з элементам унутранага экзамену або ўнутранай гутаркі. Гэта таксама даволі абмяркоўваемая тэма", - адзначыў Ігар Карпенка.

Ён падкрэсліў, што на падрыхтоўку адпаведнай метадычнай базы і праграмнай дакументацыі спатрэбіцца прыкладна два гады.

"Згадзіцеся, калі ў нас з`явяцца, дапусцім, на ўваходзе ва ўніверсітэт унутраныя экзамены, значыць, па іх трэба прапісаць школьныя праграмы. Іх трэба ўніфікаваць для таго, каб у кожнага абітурыента было разуменне, якія могуць быць зададзены пытанні, якія могуць быць кампаноўкі білетаў на ўступным экзамене. Трэба, каб дзіця не гублялася на экзамене і для яго гэта не было нейкай навіной, што выкліча ў яго ступар. І ён з-за псіхалагічнай непадрыхтаванасці не зможа адказаць на элементарныя пытанні, якія, здавалася б, ведаў", - сказаў міністр.

Таксама ён дадаў, што да 1 красавіка будуць устаноўлены лічбы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і кантрольныя лічбы прыёму. "У 2021 годзе практычна ўсё застанецца без змяненняў. Мы толькі планавалі перагледзець крыху падыходы па мэтавым наборы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Але гэта істотна не ўплывае на ўступную кампанію і на змест тых тэстаў, заданняў, унутраных экзаменаў, якія ўжо ёсць у ВНУ. Таму абітурыентам хвалявацца не трэба, паколькі тыя пытанні, якія мы сёння абмяркоўваем, ніякім чынам не паўплываюць на ўступную кампанію ў будучым годзе", - рэзюмаваў Ігар Карпенка.

11 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/12/57528
Текущая дата: 24.11.2024