Белорусский портал в Казахстане

У БДУ выйшаў першы ў Беларусі «Кітайска-беларускі слоўнік. Беларуска-кітайскі слоўнік»



У склад аўтарскага калектыву ўвайшлі супрацоўнікі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковым кіраўніком і ініцыятарам праекта выступіў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Анатоль Тозік.

Работа над слоўнікам вялася на працягу двух гадоў. Гэта першая лексікаграфічная праца ў гісторыі культурна-моўных сувязяў беларускага і кітайскага народаў. Арыгінальнае выданне аб`ёмам 872 старонкі ўключае больш за 18 тысяч слоў. У слоўніку прадстаўлена актуальная лексіка беларускай і кітайскай моў. Акрамя таго, аўтарскім калектывам выдання распрацавана табліца «Склады піньінь і іх беларуская транскрыпцыя».

Слоўнік адрасаваны ў першую чаргу тым, хто вывучае кітайскую мову ў Беларусі і беларускую мову — у Кітаі, а таксама беларускім і кітайскім перакладчыкам, лінгвістам, культуролагам.

Выданне будзе накіравана ў 14 цэнтраў па вывучэнні Беларусі, беларускай культуры і мовы, створаных у кітайскіх універсітэтах і навуковых установах. У іх ліку Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт, Шанхайскі педагагічны ўніверсітэт, Другі Пекінскі ўніверсітэт замежных моў і іншыя. Таксама слоўнік перададуць у бібліятэкі ВНУ і школ нашай краіны, дзе выкладаецца кітайская мова.

Плануецца, што ў сакавіку выданне паступіць і ў продаж. Яго можна будзе набыць у краме кітайскай кнігі ў Інстытуце кітаязнаўства па вуліцы Рэвалюцыйнай, 11.

Адначасова з выхадам слоўніка выдадзены падручнік беларускай мовы для кітайскіх студэнтаў.

Кітайскую мову як замежную пачалі выкладаць у школах Беларусі ў 2006 годзе, яшчэ раней — у МДЛУ (у 1993 годзе) і ў БДУ (у 2001 годзе). Сёння ў якасці асноўнай мовы і факультатыўна яе вывучаюць у 130 школах і 10 універсітэтах нашай краіны.

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 2 сакавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/12/58544
Текущая дата: 24.11.2024