Яе мэта — аб`яднаць спецыялістаў па рабоце з дзецьмі, бацькоў, СМІ, кампаніі і лідараў думак, каб прадухіліць булінг сярод дзяцей.
Ініцыятарам платформы выступіла група інтэлектуальных валанцёраў. Ідэю праекта падтрымаў Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка.
Булінг — від псіхалагічнага або фізічнага гвалту, калі адбываецца сістэматычны пераслед аднаго або некалькіх дзяцей групай. Сёння для цкавання ўсё часцей выкарыстоўваюцца інтэрнэт-тэхналогіі: смартфоны, месенджары і сацыяльныя сеткі. Такім чынам булінг ператвараецца ў кібербулінг.
Згодна з Нацыянальным даследаваннем па ацэнцы сітуацыі з гвалтам у дачыненні да дзяцей, якое праводзілася ў 2018 годзе шэрагам дзяржаўных устаноў краіны пад эгідай ЮНІСЕФ, у беларускіх школах шырока распаўсюджана цкаванне дзецьмі адно аднаго. Так, кожнае другое дзіця, якое навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і два з пяці навучэнцаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі былі ахвярамі гвалту ў школьным асяроддзі. Пры гэтым пра ганенні з боку аднагодкаў і старэйшых дзяцей паведамілі 53,3 % вучняў 8—11 класаў інтэрнатных устаноў; 60,1 % — вучняў 5—7 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 82,1 % вучняў 5—7 класаў інтэрнатных устаноў. А па звестках даследавання Mіcrosoft, у свеце з кібербулінгам сутыкаецца 65 % дарослых і падлеткаў.
«Самы эфектыўны сродак супраць булінгу — распаўсюджванне ідэі аб яго недапушчальнасці, каб дзеці разумелі, што цкаванне можа зламаць жыццё іншаму чалавеку, выклікаць дэпрэсію ці стаць прычынай нежадання жыць, а бацькі ведалі, як рэагаваць на паводзіны дзіцяці, калі яно стала ўдзельнікам булінгу», — адзначыла Вольга ШАРАТУТА, ініцыятар анлайн-платформы «Нулявога верасня».
Платформа акумулюе наступную інфармацыю:
1. Для дзяцей: інструкцыя, што такое цкаванне, як дзейнічаць, калі цябе цкуюць альбо калі ты з`яўляешся сведкам булінгу ці агрэсарам. Да каго звярнуцца па дапамогу. Інструкцыяй можна скарыстацца самастойна і падзяліцца ёй з сябрамі. У планах платформы — стварэнне YouTube- і Тelegram-кантэнту для дзяцей ад спецыялістаў па рабоце з дзецьмі, які змяшчае інфармацыю аб тым, як абараніць сябе і сваіх сяброў ад булінгу.
2. Для бацькоў: памятка, як адрозніць булінг ад канфлікту, а таксама інструкцыя «Што рабіць, калі ваша дзіця — удзельнік цкавання». У далейшых планах — стварэнне YouTube- і Тelegram-кантэнту для бацькоў ад спецыялістаў па рабоце з дзецьмі з адказамі на пытанні, як вырашаць праблему булінгу сярод дзяцей разам.
3. Для спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі: Тelegram-канал для фарміравання супольнасці, зацікаўлена ў абмене ведамі і вопытам па рабоце з праблемай булінгу сярод дзяцей. Тут будзе прапаноўвацца анонс вэбінараў, прамых эфіраў і анлайн-лекцый ад айчынных і замежных спецыялістаў у сферы дзіцячага булінгу.
— Гвалт у школьным асяроддзі — адна з найбольш вострых сацыяльных праблем сярод моладзі ва ўсім свеце і ў нашай краіне. Пра гэта сведчыць і статыстыка зваротаў у Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі: кожны чацвёрты звязаны з праблемамі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Доўгі час цкаванне лічылася хоць непазбежным, але бяспечным злом у дзіцячых калектывах, аднак сёння псіхолагі ўпэўненыя ў тым, што падобны вопыт зусім не бяскрыўдны і можа мець сур`ёзныя наступствы. Справіцца з цкаваннем у адзіночку практычна немагчыма, а таму вельмі важна, каб дзіця, якое стала ахвярай ці сведкам булінгу, расказала пра яго бацькам, настаўніку або школьнаму псіхолагу, — падкрэслівае Таццяна Колас, педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка. — Абараніць дзяцей ад гвалту — задача дарослых, і наша галоўная зброя ў барацьбе з булінгам — гэта чуласць, інфармаванасць, здольнасць убачыць праблему і своечасова прыйсці на дапамогу.
З цягам часу анлайн-платформа будзе напаўняцца кантактамі спецыялістаў і ўстаноў, якія прафесійна працуюць над прадухіленнем цкавання і аказваюць дапамогу дзецям і іх бацькам. Ініцыятары «Нулявога верасня» працягваюць збіраць аднадумцаў, каб разам прадухіляць ыбулінг сярод дзяцей, і гатовыя разгледзець любыя прапановы па супрацоўніцтве ад камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, аднадумцаў і валанцёраў. Кантакт для сувязі 0september.by@gmaіl.com.
Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 11 верасня 2020
Звязда, 11 верасня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/13/55980
Текущая дата: 24.11.2024