Белорусский портал в Казахстане

У Мінадукацыі накіравана больш за 2.700 подпісаў у падтрымку навучання на беларускай мове



Больш за 2.700 подпісаў сабрана ў падтрымку беларускамоўнай адукацыі.

Збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства адукацыі і Савет міністраў Беларусі пачаўся 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Кампанія праводзілася ў Мінску і іншых гарадах краіны.

Падпісацца ў падтрымку беларускай мовы таксама можна было на сайце petitions.by.

27 лютага адзін з ініцыятараў кампаніі ў падтрымку роднай мовы Зміцер Дашкевіч занёс 2.188 подпісаў, сабраных у Мінску, у Міністэрства адукацыі. Яшчэ 110 подпісаў з рэгіёнаў будуць высланыя ў міністэрства па пошце. Электронную петыцыю падтрымалі 500 чалавек, паведаміў Дашкевіч у сацсетках.

Падпісанты патрабуюць ад уладаў распрацаваць праграму адраджэння беларускай мовы ў сферы адукацыі, стварыць юрыдычныя ўмовы для рэгістрацыі прыватных дзіцячых садоў, школ і ВНУ, а таксама стварыць першы беларускамоўны нацыянальны ўніверсітэт.

"Праз 100 гадоў пасля абвяшчэння Незалежнасці, якое мы святкуем 25 сакавіка, у Беларусі на беларускай мове навучаецца каля 10% школьнікаў і 0,3% студэнтаў ВНУ. Пад прыкрыццём двухмоўя ажыццяўляецца этнацыд беларускага народа, вынішчэнне беларускай мовы. 10-мільённы народ не мае ні адной вышэйшай навучальнай установы на роднай мове. Спецыяльна ствараюцца юрыдычныя і арганізацыйныя перашкоды для выхавання і навучання дзяцей на роднай мове", — гаворыцца ў звароце, перададзеным уладам.

БелаПАН
Мінск, 28 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/23/42666
Текущая дата: 28.12.2024