Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі да 2020 года плануюць пабудаваць 70 дзіцячых садоў



Пра гэта паведаміла намеснік прэм`ер-міністра Наталля Качанава на падагульняючай калегіі Міністэрства адукацыі Беларусі.

Наталля Качанава адзначыла, што сёння ў краіне ў цэлым дастаткова дашкольных устаноў. У некаторых раёнах краіны, дзе пастарэла насельніцтва, частка дашкольных устаноў застаецца незапоўненай. Разам з тым у асобных новых мікрараёнах дзіцячых садоў не хапае.

Планам мерапрыемстваў па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі прадугледжана пабудаваць у такіх мікрараёнах яшчэ 70 дзіцячых садоў. Паводле слоў міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, у 2015 годзе ведамствам сумесна з аблвыканкамамі, Мінгарвыканкамам прыняты шэраг мер па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі.

У прыватнасці, адкрыта 14 устаноў на 2001 месца, створаны 703 групы кароткачасовага знаходжання (цяпер такіх функцыянуе 3,6 тыс.), адкрыты дзве ўстановы дашкольнай адукацыі прыватнай формы ўласнасці. Дзякуючы гэтаму 73,7 працэнта дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў наведвалі ўстановы дашкольнай адукацыі, 100 працэнтаў пяцігадовых дзяцей былі заняты падрыхтоўкай да школы, што стварае роўныя стартавыя магчымасці для атрымання адукацыі.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі і арганізацыі іх якаснага харчавання, адзначыў міністр.

Тым не менш у 2015 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў факты парушэння заканадаўства, безгаспадарчасці і нерацыянальнага выкарыстання сродкаў, выдзеленых на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыю харчавання.

Калегія Міністэрства адукацыі была прысвечана аналізу вынікаў работы ведамства ў 2015 годзе і пастаноўцы задач на 2016-ы.

17 лютага 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/28/34357
Текущая дата: 27.12.2024