Белорусский портал в Казахстане

Памеры датацый на пуцёўкі для дзяцей у лагеры на летніх канікулах у Беларусі ў 2015 годзе будуць павялічаны



На гэтыя мэты прадугледжваецца накіраваць Br292,4 млрд, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва пры Савеце Міністраў Беларусі Генадзь Балбатоўскі.

Плануецца, што са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне адной пуцёўкі ў аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем будзе накіравана Br1 млн 400 тыс. (у мінулым годзе было Br1 млн 200 тыс.), з дзённым знаходжаннем - Br580 тыс. (было Br500 тыс.), у профільныя аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш за 9 дзён - Br600 тыс. (было Br520 тыс.), у лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем складзе Br650 тыс. (было Br560 тыс.).

"Прагназуецца, што сярэдні кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе ў бягучым годзе Br3 млн 720 тыс. (па выніках мінулагодняй летняй аздараўленчай кампаніі ён быў Br3 млн 203 тыс.). Такім чынам, датацыя "пакрые" каля 40 працэнтаў кошту пуцёўкі. Прычым удзельная вага датацыі ў кошце пуцёўкі захаваецца на ранейшым узроўні, - сказаў Генадзь Балбатоўскі. - Каб зменшыць бацькоўскую даплату (яна, як і папярэднія гады, складзе каля 10 працэнтаў), традыцыйна грашовыя сродкі выдзяляць мясцовыя бюджэты, прадпрыемствы, прафсаюзы, уласнікі аздараўленчых лагераў".

У цэлым у летнія месяцы плануецца аздаравіць у лагерах усіх тыпаў як мінімум 344 тыс. школьнікаў - каля 35 працэнтаў дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Паводле слоў Генадзя Балбатоўскага, у 2014 годзе патрэбнасць у летнім аздараўленні дзяцей была задаволена ў поўным аб`ёме (прайшлі аздараўленне 369 тыс. дзяцей школьнага ўзросту).

У Беларусі аздараўленне школьнікаў традыцыйна праводзіцца таксама на асенніх, зімовых, вясенніх канікулах у лагерах з дзённым знаходжаннем і ў профільных лагерах.

17 сакавіка 2015, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/29/30128
Текущая дата: 27.12.2024