Белорусский портал в Казахстане

"Настаўнік — не проста прафесія, гэта прызванне душы"



Аб гэтым заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі» і гарадскога фестывалю «Педагагічны дэбют», якая адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

«Ні для каго не сакрэт, што настаўнік — не проста прафесія. Гэта прызванне, стан душы. Прыемна сёння ў зале бачыць лепшых. Конкурс прафесійнага майстэрства накіраваны не толькі на тое, каб выявіць пераможцаў, а ў першую чаргу падзяліцца вопытам, напрацоўкамі, методыкамі, якія ў кожнага ёсць. Яны па-свойму ўнікальныя», — адзначыў Андрэй Іванец.

Ён нагадаў, што ў гэтым годзе ўпершыню на рэспубліканскім узроўні пройдзе фестываль «Педагагічны дэбют». «Як ніколі вельмі важна сёння падтрымаць не толькі вопытных педагогаў, але і маладых настаўнікаў, якія толькі прыходзяць у прафесію. Падтрымаць і тых, хто працуе з самымі маленькімі дзецьмі: выхавальнікаў, загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі. Таму што з дзіцячага сада мы закладваем самыя важныя якасці асобы», — сказаў міністр.

Ён пажадаў фіналістам дастойна прадставіць сталіцу на рэспубліканскім узроўні. «Упэўнены, вы зможаце прадэманстраваць самыя лепшыя навыкі. Тым, хто не стаў пераможцамі, жадаю толькі поспехаў у руху наперад, а ўдзел у конкурсе расцэньваць як адну з прыступак далейшага прафесійнага росту. Усім энергіі, сіл, цярпення. Мы цудоўна разумеем, наколькі складана і няпроста працаваць кожны дзень з дзецьмі. Для гэтага патрэбны творчасць і любоў», — адзначыў Андрэй Іванец.

Узнагароджанне праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. Міністр павіншаваў прысутных са значным для беларусаў святам, пажадаў мірнага неба над галавой і каб кожны сваёй працай уносіў уклад у развіццё рэспублікі.

Заснавальнікам мерапрыемстваў з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, арганізатарам — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. У 2023 годзе ўдзельнікамі конкурсу сталі 82 педагагічныя работнікі, удзельнікамі фестывалю — 55. Лепшых выбіралі па 8 і 4 намінацыях адпаведна сярод настаўнікаў-прадметнікаў, маладых выхавальнікаў, педагогаў, кіраўнікоў са стажам работы да пяці гадоў. У конкурсных выпрабаваннях яны прадставілі эсэ і план-канспект, правялі адкрытыя ўрокі ў незнаёмым класе, майстар-класы, апісалі інавацыйны педагагічны вопыт.

Пераможцы прадставяць сталіцу на конкурсе «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» і рэспубліканскім фестывалі «Педагагічны дэбют».

У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел кіраўнікі Мінгарвыканкама, Міністэрства адукацыі, гарадскога Савета дэпутатаў, галіновага прафсаюза і інш.

Звязда, 5 траўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/3/69352
Текущая дата: 21.05.2024