Белорусский портал в Казахстане

За 18 гадоў дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў фінансавую падтрымку атрымалі больш як 28 тыс. маладых людзей



Аб гэтым 21 лістапада ў час урачыстага ўзнагароджання студэнтаў БДУ ўзнагародамі спецфонду, паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук.

"Дзякуючы дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, дасягненні многіх таленавітых маладых людзей былі не проста заўважаны, але і адзначаны на самым высокім дзяржаўным узроўні. За 18 гадоў дзейнасці фонду фінансавую падтрымку атрымалі больш як 28 тыс. школьнікаў, студэнтаў, аспірантаў, магістрантаў і педагогаў, якія працуюць з адоранай моладдзю. Акрамя таго, з мэтай заахвочвання лепшых студэнтаў у дзяржаўных ВНУ зацверджаны і штогод прадастаўляюцца 200 стыпендый Прэзідэнта Беларусі за асаблівыя поспехі ў вучобе, навукова-даследчай і творчай дзейнасці. За гэтыя гады 4,5 тыс. студэнтаў атрымалі такія стыпендыі", - сказаў Аляксандр Жук.

Падтрымку па лініі фонду атрымліваюць таксама навуковыя і творчыя аб`яднанні навучэнцаў і студэнтаў. За 18 гадоў амаль 100 аб`яднанняў былі адзначаны такім чынам. Ужо ў 2013 годзе савет фонду прыняў рашэнне аб заахвочванні 5 аб`яднанняў, а таксама 2 280 студэнтаў і педагогаў. На гэтыя мэты са спецфонду было выдзелена амаль Br5 млрд.

Як расказаў Аляксандр Жук, сёння ў спецыяльным банку даных адоранай моладзі, створаным ў Беларусі, змешчана 5560 прозвішчаў. "Гэта не проста фармальны банк тых, хто калісьці дзе-небудзь вызначыўся. На самай справе лаўрэатам фонду Прэзідэнта і тым, чые імёны ўнесены ў банк даных, аказваецца не толькі фінансавая падтрымка, але і сацыяльная", - падкрэсліў першы намеснік міністра. Напрыклад, лаўрэаты фонду маюць права на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва і набыццё жылля. Маладым спецыялістам, чые імёны занесены ў банк даных, устаноўлена павышэнне тарыфных ставак на 50 працэнтаў, акрамя таго, яны маюць права першачарговага размеркавання на работу. А калі малады чалавек яшчэ з`яўляецца студэнтам, то ён можа прэтэндаваць на пазачарговае прадастаўленне месца ў інтэрнаце. "Шэраг гэтых мер дае магчымасць юнакам і дзяўчатам, якія паспяхова займаюцца навукай, адчуваць сябе ўпэўнена", - адзначыў Аляксандр Жук.

Паводле яго слоў, сістэма падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў у Беларусі развіваецца паспяхова. "Перамогі нашых школьнікаў і студэнтаў у міжнародных алімпіядах, конкурсах, турнірах пацвярджаюць высокі ўзровень нашай адукацыі і прафесіяналізм тых педагогаў, якія працуюць з імі. У гэтым годзе больш як 500 беларускіх студэнтаў сталі пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, турніраў, розных конкурсаў навуковых работ", - сказаў Аляксандр Жук.

21 лістапада 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/30/24125
Текущая дата: 24.11.2024