Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Мы павінны зрабіць усё, каб на гэтым кавалачку беларускай зямлі назаўсёды ўсталявалася і ўмацавалася наша беларуская дзяржава



Працэс станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы трэба зрабіць незваротным, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня падчас наведвання СШ № 51 у Мінску.

"Кожнае пакаленне ў сваім жыцці зрабіла знакавыя ўчынкі, і адбываліся падзеі, якімі ганарыліся не толькі гэта, але і наступныя пакаленні. Пакаленне да нас зрабіла вялікі подзвіг — абараніла нашу краіну ад карычневай чумы, перамогшы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пакаленне да таго ганарылася тым, што зрынула ненавісны рэжым царызму і ўсталявала ў гісторыі новую грамадскую фармацыю", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Праўда, цяпер, як заўважыў беларускі кіраўнік, некаторыя пераглядаюць тыя падзеі: "Не выключана, што і нас з вамі будуць пераглядаць і пераніцоўваць такі ўклад жыцця".

Пры гэтым, кажучы пра тое, што зрабіла цяперашняе пакаленне, чым можна ганарыцца, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы стварылі першую дзяржаву ў гісторыі нашай краіны, нашага народа — падмурак гэтай дзяржавы. І я думаю, што мы зрабілі яшчэ не ўсё".

"Мы не можам дазволіць, каб не толькі мы, але і нашы дзеці жылі не на сваёй зямлі, — заявіў Лукашэнка. — Мы павінны зрабіць усё, каб на гэтым кавалачку беларускай зямлі назаўжды ўсталявалася і ўмацавалася наша беларуская дзяржава. Чаго б гэта ні каштавала. Мы не павінны дазволіць, каб нашы дзеці былі "парабкамі" і наёмнымі. Мы павінны зрабіць усё, каб нашы дзеці ганарыліся намі, нашым подзвігам, які прывёў да таго, што мы стварылі сваю дзяржаву на сваёй зямлі".

"Я як прэзідэнт зраблю ўсё, каб мабілізаваць грамадства на выкананне гэтай святой задачы — зрабіць працэс будаўніцтва нашай дзяржаўнасці, нашай дзяржавы незваротным", — дадаў ён.

БелаПАН
Мінск, 31 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/31/23048
Текущая дата: 23.11.2024