Белорусский портал в Казахстане

Пацалунак - за родную мову



Цяжкавата студэнту, які навучаецца ў другую змену, устаць а 6 гадзіне раніцы. Але з сябрамі было дамоўлена: у дзень роднай мовы будзем сустракаць усіх перад заняткамі на ўваходзе і віншаваць з гэтым цудоўным святам.

...Інстытут журналістыкі БДУ. 8.00. Да першай пары яшчэ паўгадзіны, але патроху народ падыходзіць. Сонныя, не заўважаючы на адных і нават на другіх дзвярах папярэджанне, што "Беларуская мова перадаецца праз абдымкі", студэнты трапляюць адразу ў некалькі пар рук, што шчыра абдымаюць і прапануюць размаўляць па-беларуску. Круглыя вочы, спалоханы выгляд, жаданне абысці нечаканую перашкоду — вось прыкладны набор рэакцый на флэш-моб. Паступова людская плынь большае. Каб нікога не прапусціць, даводзіцца ўпяцёх перакрываць праход. Большасць людзей (трохі супакоіўшыся і зразумеўшы, што нічога дрэннага ім не зробяць), хоць і не вельмі ахвотна, але ўсё ж такі кідала ў адказ "Спасіба-і-вас-тожа". Аднак вельмі многа было і такіх, якія з задавальненнем пачыналі абдымацца і віншаваць у адказ па-беларуску. Ад позірку на апошніх станавілася цёпла, бо на іх тварах чыталася даўняе жаданне пагутарыць на роднай мове, якое цяпер з такой асалодай было ажыццёўлена. Іншыя ад беларускіх слоў пачыналі ззяць як зоркі і проста кідацца ў абдымкі! Адна такая дзяўчына мяне нават пацалавала. Вось яна — шчырая беларуска!!!

Пасля ланцуг з аматараў беларускай мовы прайшоў па лекцыйных аўдыторыях, дзе нас сустракалі не проста плясканнем у далоні, а сапраўднымі авацыямі. Вядома! Ішлі ж не проста так, а з музыкай — сярод нас аказаўся віртуёзны баяніст.

Потым усе разышліся па сваіх справах: хто на пары, хто на працу. Я пабег у рэдакцыю, каб расказаць пра ўсё вам. А ўвечары яшчэ ж беларускія народныя танцы!..

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 22 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/32/12403
Текущая дата: 23.11.2024