Белорусский портал в Казахстане

У Брэсце адкрыўся першы ў Беларусі інстытут для пенсіянераў



Інстытут трэцяга ўзросту, у якім будуць вучыцца пенсіянеры, запрацаваў у Брэсце. Ён адкрыты на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста.

Інстытут створаны ў межах сацыяльнага праекта «Актыўны трэці ўзрост», распрацаванага спецыялістамі цэнтра сумесна з сацыяльна-педагагічным факультэтам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Пушкіна (БрДУ).

«Інстытут для пенсіянераў — першы ў Беларусі, таму мы выкарысталі вопыт працы такіх інстытутаў і ўніверсітэтаў у іншых краінах, а таксама лепшыя напрацоўкі нашага цэнтра з людзьмі старэйшага пакалення. Галоўная ідэя інстытута заключаецца ў тым, што навучанне і пенсійны ўзрост — паспяхова сумяшчальныя паняцці. Наша мэта — дапамагчы пенсіянерам у паспяховай адаптацыі да сучасных умоў жыцця, заставацца актыўнымі і паўнацэннымі членамі грамадства», — кажа дырэктар цэнтра Жанна Стаціўка.

У Інстытуце трэцяга ўзросту адкрыта некалькі кірункаў, у тым ліку — адукацыйны, рэдактарскі, гісторыка-краязнаўчы, маральна-духоўны і культурны, фізічнай актыўнасці, а таксама творчыя майстэрні.

Вучобу ў інстытуце пачалі больш як 60 слухачоў. Некаторыя з іх вучацца адразу на некалькіх факультэтах.

Заняткі праводзяць выкладчыкі і студэнты-валанцёры БрДУ, спецыялісты медыцынскага цэнтра «Доктар Вітум», работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста.

Як зазначыла Стаціўка, прыём студэнтаў працягваецца. Імі могуць стаць мужчыны, якія дасягнулі 60 гадоў, і жанчыны не маладзейшыя за 55 гадоў. Навучанне ў інстытуце бясплатнае.

У снежні намячаецца правесці пасвячэнне ў слухачы Інстытута трэцяга ўзросту з выдачай студэнцкіх білетаў.

«У канцы навучальнага года, які будзе доўжыцца да 1 ліпеня, усе слухачы атрымаюць адпаведныя пасведчанні, — зазначыла Стаціўка. — Наш праект будзе ўдасканальвацца і да лета наступнага года, я думаю, прымем рашэнне пра тое, колькі ўзроўняў навучання будзе па кожным з кірункаў. Увогуле ў Інстытуце трэцяга ўзросту могуць займацца да 300 студэнтаў-пенсіянераў».

БелаПАН | 17:29, 13 лiстапада 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/33/2685
Текущая дата: 23.11.2024