Белорусский портал в Казахстане

Гамбургераў і чызбургераў у школьным меню не будзе



Пра гэта паведаміла журналістам загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ала Малахава.

Нягледзячы на новыя падыходы да арганізацыі харчавання, гігіенічныя прынцыпы харчавання застаюцца нязменнымі — забеспячэнне бяспекі і якасці, адзначыла Ала Малахава. Паводле яе слоў, падчас пілотнага праекта па харчаванню гучала крытыка таго, што дзяцей будуць карміць фастфудам. «Гэта не так», — падкрэсліла загадчыца аддзялення. Такія стравы, як гамбургер, чызбургер і іншыя, будуць выключаныя з новага навучальнага года. Нават калі нешта падобнае і будзе ў рацыёне, назавуць такую страву інакш.

«Школа павінна выхоўваць у дзяцей і бацькоў прынцыпы здаровага харчавання, таму ўключэнне такіх страў ніяк не адпавядае гэтаму. Калі мы будзем навучаць дзяцей на ўроках і факультатывах аднаму, а рэалізоўваць у буфеце зусім іншыя прадукты, ніякага выхавання на прынцыпах здаровага харчавання не атрымаецца», — патлумачыла Ала Малахава.

Яна таксама заўважыла, што выяўленыя ў ходзе эксперыменту недахопы ўрэгуляваны. У выніку прынята аптымальнае рашэнне аб тым, што 1-4-я класы будуць атрымліваць гарачы сняданак, а 5-11-я класы ва ўсіх рэгіёнах — і сельскай, і гарадской мясцовасці — абед. Такім чынам, ежа будзе рыхтавацца паслядоўна, не будзе ніякай цеснаты ў сталовай.

Напярэдадні новага навучальнага года распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання з улікам пілотнага праекта. Хутка яны будуць падпісаныя. Падобныя рэкамендацыі выпускаюцца кожны год, але ў гэтым годзе да пытання падышлі асабліва старанна. У дакуменце прапісаны ўсе рэкамендацыі па графіках харчавання (у які час лепш атрымліваць сняданак, калі абед), харчаванню дзяцей у прадлёнках, складанні рацыёнаў і інш.

Звязда, 16 жніўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/4/70539
Текущая дата: 31.10.2024