Аб гэтым у час урачыстага мітынгу, прысвечанага старту інтэрнацыянальнага 58-га "Зорнага паходу", заявіў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Аляксандр Жук.
"Зорныя паходы" арганізуюцца ў БДПУ з 1966 года. Гэта своеасаблівы марафон захавання гістарычнай памяці пра бессмяротны подзвіг народаў Савецкага Саюза і Вялікую Перамогу. Сустракаючыся з ветэранамі - жывымі ўдзельнікамі той страшнай вайны, якіх, на жаль, з кожным годам застаецца ўсё менш, мы яшчэ раз пацвярджаем, што ніхто не забыты і нішто не забыта. Студэнты з Расіі, Казахстана, Узбекістана і Туркменістана змогуць яшчэ раз пераканацца, што беларускі народ свята і беражліва захоўвае памяць аб тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашых краін", - сказаў Аляксандр Жук.
Для студэнтаў з замежных краін "Зорны паход" - гэта далучэнне да нашай агульнай гісторыі, адзначыў рэктар. "Гэта вельмі моцнае патрыятычнае мерапрыемства, і цудоўна, што да нас прыязджаюць студэнты з краін СНД. Так, некалькі гадоў таму адзін са студэнтаў Казахстана з Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва прыехаў у Беларусь і ўзяў зямлю з брацкай магілы, дзе пахаваны яго прадзед", - расказаў ён.
Паводле яго слоў, для захавання традыцыі "Зорных паходаў" у БДПУ ў 2015 годзе ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі ля падножжа помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, была закладзена капсула з пасланнем. "У гэтай артылерыйскай гільзе захоўваецца заклік да нашых нашчадкаў берагчы мір. Капсулу дастануць удзельнікі юбілейнага "Зорнага паходу" 2045 года, калі будзе адзначацца 100-годдзе Вялікай Перамогі. Я ўпэўнены, што нехта з цяперашніх студэнтаў абавязкова паўдзельнічае ў будучым мерапрыемстве", - падагульніў Аляксандр Жук.
Для грамадзянска-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі ў час зімовых канікулаў з 25 па 27 студзеня ў БДПУ пройдзе інтэрнацыянальны 58-ы "Зорны паход" па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Дзесяць атрадаў (больш за 250 студэнтаў і выкладчыкаў) наведаюць Маладзечанскі, Лагойскі, Слуцкі, Любанскі, Івацэвіцкі, Ашмянскі, Жлобінскі, Акцябрскі і Асіповіцкі раёны, а таксама Жодзіна. Ва ўстановах адукацыі правядуць прафарыентацыйныя сустрэчы, круглыя сталы, трэнінгі, дыскусійныя пляцоўкі, арганізуюць майстар-класы і спартыўныя спаборніцтвы, выступяць з канцэртнымі праграмамі патрыятычнай накіраванасці.
Разам са студэнтамі БДПУ ў "Зорным паходзе" прымуць удзел студэнты Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва (Казахстан), Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія), Новасібірскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (Расія), Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі (Узбекістан). Упершыню ўдзельнікамі "Зорнага паходу" стануць курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
24 студзеня 2023, Мінск
БЕЛТА
24 студзеня 2023, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/5/68121
Текущая дата: 14.11.2024