Белорусский портал в Казахстане

Падручнік па анатоміі чалавека для студэнтаў медыка-прафілактычнага факультэта выдадзены пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Беларусі



Пра гэта паведамляе загадчыца кафедры нармальнай анатоміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Трушэль.

Выданне павінна дапамагчы будучым спецыялістам медыка-прафілактычнай справы засвоіць цяжкі вучэбны матэрыял на працягу года. Ён дазволіць мадэрнізаваць адукацыйны працэс па фундаментальнай дысцыпліне "Анатомія чалавека", а таксама павысіць тэарэтычную падрыхтоўку студэнтаў. Несумненная вартасць падручніка - у наяўнасці якасных каляровых ілюстрацый, якія дапамагаюць засвоіць складаны анатамічны матэрыял.

Вясной мінулага года пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Беларусі былі выдадзены вучэбны дапаможнік "Унутраныя органы. Сардэчна-сасудзістая сістэма. Лімфоідная сістэма" і вучэбна-метадычны дапаможнік "Будова ўнутраных органаў чалавека".

Як адзначаецца, гэтымі дапаможнікамі актыўна карыстаюцца студэнты не толькі медыка-прафілактычнага, але і лячэбнага, педыятрычнага факультэтаў. Яны выкарыстоўваюць выданні для паўтарэння і абагульнення пройдзенага матэрыялу, для самастойнай работы.

Грант прызначаўся таксама на напісанне вучэбна-метадычнага дапаможніка Structure of human internal organs для англамоўных студэнтаў, на правядзенне IX Рэспубліканскай студэнцкай алімпіяды па вучэбнай дысцыпліне "Анатомія чалавека" з міжнародным удзелам, дзе будучыя ўрачы з вядучага медыцынскага ўніверсітэта Беларусі заваявалі 1-е месца.

27 снежня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/6/67658
Текущая дата: 26.12.2024