У беларускіх ВНУ пачалі выкладаць новы курс «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці»
З Ігарам Марзалюком, старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, доктарам гістарычных навук, прафесарам, членам-карэпандэнтам НАН, гутарка была задуманая на канкрэтную тэму. Меркавалася, што размова пойдзе аб новым курсе «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», які з гэтага года пачалі выкладаць у ВНУ, і аб аднайменным дапаможніку (Ігар Аляксандравіч адзін з ініцыятараў увядзення гэтага курса і адзін з аўтараў падручніка). Але гэта быў якраз той выпадак, калі з асобнага пераходзіш да агульнага, бо ад яго, гэтага асобнага, агульнае ў многім і залежыць...
**** **** ****
— Ігар Аляксандравіч, я зараз выкажу думку хутчэй не журналіста, а, скажам так, адукаванага абывацеля. Мне здаецца, што з увядзеннем курса «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» ў адукацыйную сістэму мы спазніліся гадоў на дваццаць, калі не больш...
— Давайце скажам шчыра: у 1990-х — і нават не ў пачатку, а пазней — у сістэме адукацыі існавала зняважліва-пагардлівае стаўленне да гуманітарнага блока дысцыплін. Лічылася, што галоўнае — фізіка, матэматыка, ну, яшчэ замежная мова. Так званая рэформа сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, якая ў нас была да нядаўняга часу, прывяла да інтэлектуальнага збяднення, у тым ліку і тых, хто будзе заўтра кіраваць дзяржавай. Курс гісторыі Беларусі, які выкладалі ў вышэйшай школе, быў спрошчаным рафінаваным варыянтам курса сярэдняй школы. І які ў гэтым быў сэнс? Ідэя ўдасканальвання выкладання сацыяльна-гуманітарнага блока з’явілася ў нас з Ігарам Васілевічам Карпенкам, які ў той час быў міністрам адукацыі. Была створана рабочая група пад маім кіраўніцтвам, у ёй былі сабраныя найлепшыя гуманітарыі. І мы прыйшлі да высновы, што патрэбна дысцыпліна, якая ўяўляла б сабой сінтэз палітычнай, сацыяльнай, гістарычнай, светапогляднай дысцыплін. Менавіта такой дысцыплінай заклікана стаць гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Яна адказвае на тры фундаментальныя пытанні: адкуль мы? чаму мы такія, як ёсць? як нам будаваць стратэгію нашай будучыні? Па сутнасці, аднайменны дапаможнік — гэта першы за ўсю гісторыю дзяржавы сістэмны падручнік, дзе паказана гісторыя ўзнікнення і развіцця беларускай суб’ектнасці — палітычнай, эканамічнай, культурнай — праз эвалюцыю дзяржавы, дзяржаўных інстытутаў, а таксама тых этнічных супольнасцяў, якія сёння ўсе разам утвараюць беларускую нацыю...
— Фактычна адказ на вечнае Купалава і наша агульнае: «А хто там ідзе?»...
— Я калісьці ў мемуарах Шарля дэ Голя прачытаў адну вельмі цікавую думку. Ён, нашчадак старажытнага рыцарскага роду, напісаў: «Я рос у атмасферы вечнасці Францыі». Я хачу, каб гэтым падручнікам мы стварылі ў моладзі атмасферу гістарычнай вечнасці Беларусі. Каб яны разумелі, што Беларусь не ўчора з’явілася і заўтра не знікне. Што існаванне на палітычнай карце свету беларускай дзяржавы — гэта вынік працы і намаганняў нашых продкаў, што ў нашай дзяржаўнасці вялікая пісьмовая гісторыя.
У гэтым падручніку няма нейкіх этнічных фобій, нянавісці, знявагі. Але можна сказаць, што гэты падручнік — тое, што вылечвае ад комплексу мізэрнасці. Мы не прапусцілі ніводнага моманту развіцця нашай дзяржаўнасці. Да прыкладу, у першым раздзеле, прысвечаным этапам гэтага развіцця, ёсць усё: пачынаючы ад Полацка і Турава да нашых дзён. Другі раздзел прысвечаны гісторыі дзяржаўных інстытутаў: тут і Полацкая праўда, і статуты ВКЛ, і судзебнікі, і ўстаўныя граматы БНР, і ўсе рэдакцыі Канстытуцыі БССР, і цяперашняя Канстытуцыя. Расказваем пра інстытут кіраўніка дзяржавы — пачынаем з князя, заканчваем Прэзідэнтам. Расказваем пра ўрад — ад чыноў княжацкай адміністрацыі эпохі Полацкай зямлі і да сённяшняга Савета Міністраў. Расказваем такім жа чынам і пра судовую ўладу. Усё паказана праз прызму гістарычнай эвалюцыі беларускай дзяржаўнасці, галоўны пасыл — за нашымі цяперашнімі інстытутамі ёсць пэўная традыцыя, і мы гэту традыцыю разбіраем і аналізуем.
Трэці раздзел «Беларусь на мяжы культур і цывілізацый». Тут пра этнагенез беларусаў; якія назвы гэтай тэрыторыі існавалі; якія народнасці тут жылі, супольнасці, якія сёння складаюць сучасную беларускую палітычную нацыю. Згадалі ўсіх: і рускіх старавераў, і літоўцаў, і цыганоў, і яўрэяў, і татараў. Мы паказваем, як узнікала ўсё тое, што называем беларускім светам і што такое беларуская цярпімасць. Ёсць раздзел, прысвечаны дзяржаўным сімвалам, дзяржаўным святам. Мы не ўнікалі ніякіх вузкіх, нязручных момантаў. Расказваем падрабязна, якія сцягі існавалі ў гісторыі Беларусі, як мянялася сімволіка і чаму, чым быў абумоўлены выбар беларускага народа на розных этапах развіцця тых ці іншых сімвалаў, не прапускаючы ніводнага этапу нашай гісторыі. Частка, прысвечаная сацыяльна-палітычнаму развіццю, расказвае пра палітычнае жыццё ў краіне, пра існуючыя партыі і рухі, пра знешнюю палітыку. Карацей, пра цывілізацыйнае развіццё дзяржавы...
Выданне багата ілюстравана, выканана з улікам найноўшых тэхналогій. Тут шмат QR-кодаў, дзякуючы чаму гэты падручнік — свайго роду праваднік да шматлікіх іншых кніг, тут вывераныя навуковыя аўтарскія карты. Ёсць падрабязная храналагічная табліца гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Карацей, зроблена максімальна ўсё, каб падручнік быў зручны і цікавы для маладога чытача. І каб прымушаў яго думаць. Дарэчы, да 1 верасня мы рыхтуемся выдаць вучэбны дапаможнік для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, спрошчаны, скарочаны, з улікам праграмы. А яшчэ рыхтуем Атлас па гісторыі беларускай дзяржаўнасці і Хрэстаматыю па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Такім чынам, у нас сёлета павінен з’явіцца поўны вучэбна-метадычны комплекс.
— Лепш позна, чым ніколі?
— Я адкажу, што мы даспелі да гэтага курса, да разумення важнасці гуманітарных дысцыплін ва ўмацаванні нацыянальнай бяспекі. І мы зразумелі, што светапоглядныя рэчы не менш важныя, чым эканоміка. Калі не памыляюся, гэта Леў Талстой сказаў, што Чынгісхан з тэлеграфам — гэта страшна. Дык вось, каб не пладзіць сёння «Чынгісханаў з тэлефонамі», мы павінны думаць пра гуманітарны складнік.
У Год гістарычнай памяці быў зроблены вельмі важны крок — створаны Савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Дарэчы, дапаможнік, пра які гаворым, быў рэкамендаваны саветам. Але гэта першы крок, яшчэ шмат работы наперадзе. Напрыклад, над стварэннем Пантэона нацыянальных герояў, над тэрміналогіяй, над вызначэннем многіх рэчаў, якія выклікаюць спрэчкі ў грамадстве. Трэба зразумець вельмі важную рэч: мы нічога не выкідваем з гісторыі, гістарычная памяць не можа быць фрагментарная і выбарачная. Іншая справа (і самая вялікая праблема) — гэта інтэрпрэтацыя. Хто бандыт, хто герой, хто можа быць культурным сімвалам, на якіх персанажах можна будаваць гістарычную памяць народа. Любы сюжэт патрабуе грунтоўнай прапрацоўкі і папулярызацыі. Прычым грунтуючыся на канкрэтных фактах і дакументах. Нам патрэбна гістарычная катэхізацыя ўсіх груп беларускай нацыі.
— Падзеі 2020 года ўзмацнілі гэта разуменне, паскорылі гэты працэс?
— Мы пачалі гэту важную справу рабіць да 2020-га года. Першы, нулявы варыянт дапаможніка і вучэбная праграма існавалі ўжо ў 2017-м. 2020 год прыпыніў працу над удасканаленым варыянтам, а пасля давялося штосьці і карэктаваць. Пэўныя рэчы давялося пераглядаць, рабіць больш выразныя акцэнты на некаторых нюансах, якія да гэтага гучалі не так выразна. Але ў цэлым структура дапаможніка захавалася такой, як была задуманая. Калі стала зразумела, што ў краіне будзе праводзіцца канстытуцыйная рэформа, было вырашана яшчэ адкласці выпуск, каб дапаможнік выйшаў ужо і з яе ўлікам.
— Калі гаварыць пра згаданую вамі інтэрпрэтацыю, падачу канкрэтнай асобы... Для мяне асабіста, бадай, самым моцным шокам 2020-га было выкананне песні «Магутны Божа» на «Яме». Прычым, думаю, тыя, хто спяваў, не разумелі, якое гэта кашчунства...
— А ўсё таму, што ў адраджэнцкай беларускамоўнай публіцыстыцы з падачы беларускай амерыканскай эміграцыі існуе цалкам фальшывы вобраз Наталлі Арсенневай, дзе яна малюецца як летуценніца-паэтка, што ў любых абставінах дбала пра беларушчыну і не служыла нікому, толькі высокім мастацкім вартасцям. Зараз хтосьці скажа, што я прапагандыст, які спрабуе ачарніць светлае імя... Панове, як прафесійны гісторык я параю вам звярнуцца да аўтэнтычных пісьмовых дакументаў, якія сведчаць, што чалавек рабіў і чаго не рабіў. У Нацыянальным архіве такія дакументы ёсць, іх шмат і пра тых, хто супрацоўнічаў з фашыстамі ў час акупацыі Беларусі. Дарэчы, як давялося пабачыць, некаторыя папкі з гэтымі дакументамі ўвогуле нікім не былі прагледжаныя. Заклікаю ўсіх, хто расказвае казкі пра Арсенневу: схадзіце ў архіў. Паглядзіце, кім рэальна быў яе муж і што ён рабіў. Пачытайце газеты, у якіх яна друкавалася. Яе светлы вобраз разбураецца яшчэ да вайны, калі яна нібыта была палымянай савецкай патрыёткай. Пачытайце яе вершы, прысвечаныя памяці Леніна, пачытайце яе «Оду Сталіну»... І пачытайце тое, што яна пісала ўжо ў газетах часоў акупацыі, — убачыце, якой заўзятай антысеміткай яна была, як падтрымлівала гітлераўскі рэжым. Яна ў 1943 годзе выдала зборнік, у якім былі не проста вершы — гэта былі маршавыя песні 13-га беларускага батальёна СД, на сумленні якога пяць гета, карныя аперацыі «Котбус» і «Кармаран»... Пачытайце калабаранцкую «Беларускую газету» — як яны падавалі паражэнне немцаў пад Сталінградам: фашыстаў яны параўноўвалі з дружынамі полацкага Усяслава Чарадзея, які пацярпеў паражэнне на Нямізе, але ўсё-ткі потым заняў Кіеў... Што гэта, як не кашчунства? Вы яшчэ знойдзеце распіску мужа Арсенневай Кушаля аб атрыманні ў карыстанне канфіскаваных яўрэйскіх пярын. Яны спалі на пярынах забітых яўрэяў! І ці можна, ведаючы гэта, спяваць яе верш на месцы масавага знішчэння яўрэяў?.. Хтосьці скажа: пры чым адно да другога — верш жа прыгожы. Безумоўна, прыгожы. Але ў Германіі дагэтуль забароненыя бяскрыўдныя фальклорныя песні — толькі па той прычыне, што яны былі маршавымі песнямі батальёнаў СС... Тое самае можна сказаць і пра дыскрэдэтацыю бчб-сцяга — яна на сумленні тых, хто ўрачыста вывешваў яго побач са сцягам са свастыкай... На жаль, мы ў падручніках тэму калабарацыі ўвогуле стараліся абыходзіць. Але як толькі мы замоўчваем падобныя сюжэты, узнікае фальшывае ўяўленне пра палкіх рыцараў, якія нібыта змагаліся з двума таталітарнымі рэжымамі... Пры тым, што ва ўсіх крыніцах, нават нямецкіх, засведчана, што беларускі народ даў у тую вайну найменшую колькасць здраднікаў, пра іх, гэтых здраднікаў, трэба гаварыць і ведаць. Прыклад на «Яме» — гэта якраз і сведчанне таго, што да нядаўняга часу мала гаварылі і ведалі.
— Але 30—35-гадовыя падручнік чытаць ужо не будуць. Як ім усё гэта патлумачыць?
— У папулярнай форме — праз СМІ, праз фільмы, праз кнігі. Прычым не праз мудрагелістыя манаграфіі, напісаныя сухой мовай, а праз, калі хочаце, выклік. Таму што абсалютная большасць беларусаў — усіх пакаленняў — мае трывалую антынацысцкую прышчэпку. Чаму мы так радасна святкуем і, я ўпэўнены, будзем святкаваць 9 Мая і 3 Ліпеня. Таму што для нас гэта літаральна свята жыцця. Мы выжылі як народ толькі дзякуючы таму, што гэтыя даты ў нашай гісторыі адбыліся... Мы павінны апеляваць да такіх зразумелых беларусам паняццяў, як гуманізм, людскасць, і паказваць, што пэўныя сюжэты і пэўныя «героі» з гэтымі паняццямі ніяк не стасуюцца. Гэта павінна быць сістэмная праца, і мы ёй зараз займаемся. Дарэчы, самая эфектыўная форма работы (яна ж, бадай, і самая складаная) — гэта выступленне перад людзьмі, вочы ў вочы, з доказамі, з дакументамі. Вядома, цяжка пераканаць таго, хто свята верыць у нешта. Але людзі павінны ведаць, што хаваецца за той ці іншай падзеяй у гісторыі, што хаваецца за тым ці іншым прозвішчам і якія ўчынкі рабіў гэты чалавек, за тым ці іншым вершам і для чаго і для каго ён быў напісаны. Гістарычная навука — гэта навука глыбока маральная. Людзі здзяйсняюць амаральныя ўчынкі, але апраўдання такім учынкам не можа быць. Няма такой ідэалогіі, няма такой сімволікі, у імя якой узброены мужчына ў вайсковай форме мае права забіваць дзяцей.
Я, дарэчы, планую зараз выдаць кнігу, прысвечаную гісторыі сімволікі, — навукова-папулярную, але з дакументамі. Я не буду нікога бэсціць, ужываць абразлівыя словы ў дачыненні да нейкіх сімвалаў — я проста буду паказваць, што яны такое і чаму той ці іншы сімвал беларускі народ адмаўляе або, наадварот, зацята бароніць, лічыць мілым свайму сэрцу... Людзям нельга хлусіць, паўпраўда заўсёды нараджае вялікі недавер. Калі ты нешта сцвярджаеш, ты павінен даказаць гэта фактамі.
— Сваю тэлепраграму «Сімвалы беларускай вечнасці» на СТБ вы назвалі пад уражаннем слоў дэ Голя?
— Так.
— Але ж у ёй не толькі найноўшая гісторыя, але і тое, што адбывалася стагоддзі назад. З дакладнымі фактамі тут больш складана...
— Матэрыяльныя сведчанні пакінулі нават падзеі, якія былі стагоддзі назад, — кнігі, культавыя помнікі і г. д. Важна кіравацца менавіта імі, ствараючы рэканструкцыю далёкай эпохі. Пры гэтым падаваць для тэлеаўдыторыі найбольш проста і зразумела. Займацца папулярызацыяй навукі — задача вельмі складаная.
— Нядаўна давялося ад вас пачуць: «канцэпцыя гістарычнай памяці». Гэта паняцце філасофскае ці ўсё ж мае шанцы стаць паняццем палітычным — на ўзроўні нарматыўнага дакумента?
— Гэта міжнародная практыка — нарматыўна замацаваны, зацверджаны законам афіцыйны погляд дзяржавы на найважнейшыя падзеі ў гісторыі той ці іншай нацыі, якія ўплываюць на дзень сённяшні, ілжывая інтэрпрэтацыя якіх успрымаецца як нацыянальная абраза і праследуецца па законе. Такія законы, якія існуюць у многіх краінах, называюцца мемарыяльнымі. У нас, як прыклад да сказанага, — узмацненне на заканадаўчым узроўні адказнасці за прапаганду нацызму і нацысцкіх сімвалаў, Закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Менавіта з падобных мемарыяльных законаў і можа скласціся ўрэшце канцэпцыя гістарычнай памяці. Мы тут не першапраходцы. Паглядзіце, колькі падобных законаў у Польшчы, як строга там усё рэгламентуецца, там ёсць цэлы Інстытут нацыянальнай памяці. На мой погляд, і нам патрэбна падобная структура, і рана ці позна мы яе створым. Сёння, па сутнасці, яе функцыі выконвае ўжо згаданы Савет па гістарычнай палітыцы. Нам трэба гэтым займацца, бо менавіта сёння здзейснілася мара шматлікіх пакаленняў беларусаў: мы маем сваю незалежную дзяржаву, якая моцна стаіць на нагах. Але гэта плён працы ўсіх пакаленняў, і мы павінны пра гэта ведаць і памятаць. Мы вяртаемся да саміх сябе. Мы фантастычна паспяховы народ — крыху больш за сто гадоў прайшлі такі шлях! Нам трэба навучыцца цаніць тое, што маем, любіць сваё, не пагарджаючы чужым. Усё, што мы робім сёння ў гістарычным плане, скіравана на павагу да сябе і да суседзяў і на разуменне велічнасці шляху свайго народа.
— Мы пакуль толькі вучымся гэта разумець.
— Мы вучымся, але мы вельмі добрыя вучні. Беларусы павольна запрагаюць, але вельмі хутка едуць. Мы гэта неаднойчы ў гісторыі даказалі.
Аўтар: Алена Ляўковіч
Звязда, 19 лютага 2023
Звязда, 19 лютага 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/6/68463
Текущая дата: 23.11.2024