Белорусский портал в Казахстане

Гарадскі конкурс «Мудры пугач-2022» вызначыць сярод мінскіх школьнікаў знаўцаў птушак



Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзяць гарадскі конкурс знаўцаў птушак «Мудры пугач-2022».

Конкурс прымеркаваны да Міжнароднага дня птушак, які адзначаецца 1 красавіка, і накіраваны на павышэнне ўзроўню экалагічных ведаў навучэнцаў, выхаванне экалагічнай культуры.

Свае веды і навыкі рабяты будуць дэманстраваць у двух намінацыях: «Птушыны домік» (конкурс на лепшае штучнае гняздоўе для прадстаўнікоў саваабразных і дробных сакалоў, якія сустракаюцца ў гарадскім асяроддзі і ваколіцах) і інтэлектуальнай квэст-гульне «Драпежныя птушкі Беларусі».

Спачатку адбудуцца раённыя адборачные туры ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гарадскі этап арганізуе Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі (МДТЭЦДіМ).

У гарадскім этапе будуць спаборнічаць 10 каманд: па адной камандзе-пераможцы ад раёна горада і каманда МДТЭЦДіМ.

Вынікі конкурсу падвядзе журы. Пераможцаў чакаюць дыпломы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама прызы Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Фінал конкурсу адбудзецца 16 красавіка 2022 года на тэрыторыі экалагічнай сцежкі «Горад птушак» ва ўрочышчы Сярэбраны лог.

Ксенія Дабрабыт
Звязда, 22 сакавіка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/8/64163
Текущая дата: 20.05.2024