Белорусский портал в Казахстане

Наталля Качанава - школьнікам на ўроку памяці: я з гэтай вайной у сэрцы вырасла



Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прыняла ўдзел ва ўроку памяці да 77-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне "Нам гэты мір завешчана берагчы" ў гімназіі нумар 31 Мінска.

"Гэта жудасная трагедыя ўвайшла ў кожную сям`ю. І маю сям`ю яна таксама закранула, - расказала Наталля Качанава. - У гады вайны тата жыў у Расіі, маці - у Беларусі. Маці дзіцем правяла вайну тут у акупацыі. Мне пашанцавала ў жыцці - маці жывая і сёння".

Спікер адзначыла: я з гэтай вайной у сэрцы вырасла. "У таты ваявалі браты, таму што ён быў самы малодшы, і старэйшыя ўжо ішлі на фронт і ваявалі. Татаў брат быў цяжка паранены. У маці ваяваў яе родны дзядзька. Ён узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, дайшоў да Берліна. А калі пералічваць усіх сваякоў, якія прымалі ўдзел у гэтай жудаснай вайне, - гэта даволі вялікая гісторыя. Вядома, я ганаруся сваімі сваякамі. Наогул усімі тымі людзьмі, якія прайшлі гэта страшнае ліхалецце, - падкрэсліла яна. - Калі маці пачынае гаварыць пра вайну, адзначае, што чым далей яна жыве - тым ярчэйшыя гэтыя ўспаміны. Самыя страшныя дні - у акупацыі. Таму ў мяне ўся гэта вайна прайшла праз усё жыццё. Я прасякнута ёю. Я не магу гаварыць спакойна аб гэтым. Мне так хочацца дастукацца да кожнага маладога чалавека, каб яны цанілі і помнілі, што перажылі нашы старэйшыя пакаленні. Не проста цаніць і помніць, нават на хвіліну ўявіць, у якіх нечалавечых умовах праходзіла маладосць, дзяцінства нашага старэйшага пакалення - ты адразу разумееш, наколькі гэта страшна. Наколькі важна захаваць мір".

"Нам сёння завешчана гэты мір берагчы. Гэта не проста нейкая фраза. Яе трэба глыбока адчуць. Калі няма міру - чалавеку нічога не трэба, - дадала Наталля Качанава. - Мая самая запаветная мара ў дзяцінстве была апынуцца 9 мая ў той час у краіне, каб адчуць тое свята, калі прыйшоў мір. Адчуць тую радасць, якая была ва ўсіх. Гэта была мая мара".

Урокі памяці праходзяць у беларускіх школах напярэдадні Дня Перамогі. Іх галоўная задача - фарміраванне ў вучняў аб`ектыўнага ўяўлення пра ўклад беларускага народа ў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, гераічную спадчыну як важнейшы складнік гістарычнай памяці, генацыд беларускага народа, а таксама выхаванне паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага.

5 мая 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/9/64759
Текущая дата: 27.12.2024