У сёлетнім сезоне плануецца ўдзел пяці хароў з ВНУ Беларусі і Расіі. Сярод іх студэнцкія хоры «Cantus Juventae» МДЛУ, «МОНТЕМ» Санкт-Пецярбургскага горнага ўніверсітэта, Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі і Камерны хор Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Адкрыецца форум 19 мая майстар-класам па харавым майстэрстве. Правядзе яго член экспертнага савета харавога форуму, музыказнаўца, кампазітар Ірына Дзянісава. Абраны для разбору твор усе ўдзельнікі выканаюць на Гала-канцэрце.
Конкурсная праграма стартуе 20 мая канцэртам свецкай музыкі ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І. Глінкі. Духоўныя творы прагучаць у гэты ж дзень увечары ў Архікафедральным саборы Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Завершыцца «Папараць-кветка БДУ» 21 мая Гала-канцэртам у канцэртнай зале «Верхні горад», дзе гледачы змогуць паслухаць найлепшыя творы форуму. Акрамя канкурсантаў свае нумары прадставіць Народная студэнцкая харавая капэла БДУ. У гэты ж дзень назавуць пераможцаў у сямі намінацыях: «Лепшы хор», «Свецкая праграма», «Духоўная праграма», «Дырыжор», «Твор», «Саліст» і «Канцэртмайстар».
З праграмай фестывалю можна азнаёміцца тут http://www.chorum.bsu.by/
Уваход на ўсе канцэрты для ўсіх ахвотных вольны.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне па справах культуры і Народная харавая капэла БДУ.
Даведка
Міжнародны форум моладзевых і студэнцкіх хораў «Папараць-кветка БДУ» праводзіцца штогод з 2006 года. Маштабнае мерапрыемства накіравана на захаванне традыцый беларускага і сусветнага харавога мастацтва, стварэнне ўмоў для музычнай асветы моладзі.
За гэты перыяд яго ўдзельнікамі сталі больш за 50 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Сербі і Грузіі. У рабоце экспертнага савета прынялі ўдзел больш за 30 чалавек, сярод якіх славутыя дзеячы мастацтваў, кампазітары, харавыя дырыжоры і педагогі, арганізатары буйных міжнародных праектаў у галіне харавой музыкі. Конкурсная праграма форума традыцыйна ўключае духоўную і свецкую праграму.
Надзея Ніналаева
Звязда, 18 траўня 2022
Звязда, 18 траўня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-3/9/65013
Текущая дата: 27.12.2024