Белорусский портал в Казахстане

Неабходны аб`ём ведаў для паступлення ў ВНУ вучань павінен атрымліваць у школе, а не ў рэпетытара



Пра гэта заявіў намеснік прэм`ер-міністра Васіль Жарко на калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанай вынікам работы міністэрства за 2016 год і асноўным задачам на 2017-ы.

Паводле слоў Васіля Жарко, тэсты на ЦТ павінны адпавядаць школьнай праграме.

"Менавіта ў школе вучань павінен атрымаць той аб`ём ведаў, які неабходны для тэсціравання, а не хадзіць за дадатковымі ведамі да рэпетытараў. Настаўнік павінен даць веды вучню, а не адпраўляць да рэпетытара", - упэўнены намеснік прэм`ер-міністра.

Рэпетытарства распаўсюджана не толькі пры паступленні ў ВНУ, але і ў працэсе вучобы. Часта бацькі скардзяцца, што настаўнік не поўнасцю раскрывае свой прадмет, а для паглыбленага пазнання адпраўляе да рэпетытара да свайго калегі ў іншы клас. Гэта з`ява павінна выкараняцца, упэўнены Васіль Жарко.

Вучэбную праграму неабходна пабудаваць так, каб усё можна было засвоіць у ходзе навучальнага года. Міністэрству адукацыі неабходна павярнуцца тварам да гэтай праблемы.

У гэтым годзе трэба выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні правіл прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Тэсціраванне з`яўляецца даволі справядлівым спосабам адбору, паколькі ўсе абітурыенты знаходзяцца ў роўных умовах.

Але тэст не ўніверсальны, ён не дае магчымасці ацаніць логіку рашэння задачы або правільнасць вуснай мовы абітурыента, яго эрудыцыю і кругагляд, грамадзянскую пазіцыю.

Урадам даручана стварыць міжведамасную рабочую групу па гэтым пытанні і выпрацаваць аптымальныя прапановы.

"Магчыма, па некаторых прадметах мы вернемся да вусных экзаменаў", - сказаў Васіль Жарко.

15 лютага 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/1/38729
Текущая дата: 24.04.2024