Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі з 1 верасня атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю можна будзе толькі ў каледжах



Аб гэтым 27 мая паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец у час рэспубліканскага свята "Апошні званок".

"З 1 верасня з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ў Беларусі каледжы стануць адзіным тыпам устаноў адукацыі, якія будуць рэалізоўваць узровень прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Выпускнікі дзявятых класаў без экзаменаў будуць паступаць у каледжы, дзе будуць атрымліваць поўную сярэднюю адукацыю і на ўзроўні прафтэх, і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Там яны атрымаюць усю школьную праграму за 10-11-ы класы і паралельна, што вельмі важна, атрымаюць прафесію. Яны выйдуць спецыялістамі, гатовымі прыйсці працаваць у нашу эканоміку", - сказаў Андрэй Іванец.

Рэспубліканскае свята "Апошні званок" праходзіць у Маладзечне. Больш за 3 тыс. лепшых выпускнікоў краіны ўдзельнічаюць у ім. Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам у парку Перамогі Маладзечна. Пасля святочным шэсцем яны рушылі да асноўнай пляцоўкі мерапрыемства - юнацкай спартыўнай школы "Алімпік-2011". Там адбылася ўрачыстая лінейка і ўзнагароджванне лепшых выпускнікоў 2022 года. Увечары ўдзельнікаў свята чакае феерверк.

27 мая 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/1/65141
Текущая дата: 28.03.2024