Белорусский портал в Казахстане

Прадпрыемствы і арганізацыі павінны выбудоўваць узаемадзеянне з патэнцыяльнымі мэтавікамі са школьнай парты



Такую думку выказаў намеснік прэм`ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас рабочай паездкі ў Баранавічы.

У прыватнасці, Ігар Петрышэнка наведаў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі, у якім прынялі ўдзел каля 600 выпускнікоў. Да мерапрыемства далучыліся каледжы, універсітэт, прадпрыемствы і арганізацыі. Віцэ-прэм`ер пагутарыў з наймальнікамі, даведаўся аб іх прапановах для мэтавікоў.

"Важны элемент работы Баранавіцкага гарвыканкама - правядзенне кірмашоў мэтавай падрыхтоўкі, каб забяспечыць належнае ўзаемадзеянне заказчыкаў кадраў з навучальнымі ўстановамі. Вялікую ўвагу ўдзяляем пытанню мэтавай падрыхтоўкі. Яна ажыццяўляецца як вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, так і каледжамі, якія рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і нашы рабочыя кадры. Сёння ўбачылі зацікаўлены падыход, складваецца рэестр, куды маладыя людзі запісваюцца. Такая работа павінна весціся прадпрыемствамі і арганізацыямі са школьнай парты", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка і дадаў, што ў Баранавічах такія кірмашы праводзяцца рэгулярна.

Паводле слоў намесніка прэм`ер-міністра, важна наладзіць сумесную работу, дзякуючы чаму выпускнікам будзе прасцей вызначыцца з будучай прафесіяй, выбраць для паступлення ўніверсітэт або каледж. У тым ліку ад гэтага залежыць якасная работа саміх прадпрыемстваў і арганізацый.

Таксама Ігар Петрышэнка азнаёміўся з арганізацыяй школьнага харчавання. Ён нагадаў, што першапачаткова ў пілотным праекце паўдзельнічалі 23 школы, дзе былі апрабаваны новыя тэхналагічныя карты.

"Убачылі, як ажыццяўляецца пераход школ у Баранавічах на новыя ўмовы арганізацыі харчавання дзяцей. Ужо 11 школ перайшлі. Наступныя 11 плаўна пераходзяць. Выкарыстоўваюць стравы, якія ёсць у абноўленых тэхналагічных картах, што могуць быць прыгатаваны без новага тэхналагічнага абсталявання. Поўнасцю пяройдуць, калі будуць дааснашчаны. Усе закупкі праведзены", - заўважыў віцэ-прэм`ер.

Дзякуючы новым падыходам змяншаецца колькасць харчовых адходаў. У прыватнасці, іх у школьных сталовых Баранавіч утвараецца ад 8 працэнтаў да 4 працэнтаў. Пры гэтым ёсць перадумовы для яшчэ большага змяншэння гэтага аб`ёму.

Ігар Петрышэнка акцэнтаваў увагу, што дзецям трэба прывіваць культуру харчавання, прыцягваючы да гэтага працэсу саміх вучняў, педагогаў і бацькоў.

"Задзейнічаем і факультатыўныя заняткі, і шосты школьны дзень. Праводзім майстар-класы, каб паказаць бацькам і дзецям, як ажыццяўляем гатаванне тых або іншых страў, як іх удасканальваем, укараняем новыя стравы. Гэта важны элемент арганізацыі якаснага харчавання ў школах", - падкрэсліў намеснік прэм`ер-міністра.

Дарэчы, на пасяджэнне Баранавіцкага гарвыканкама, на якім разгледзелі пытанне арганізацыі харчавання, былі запрошаны і загадчыкі дзіцячых садоў. У дашкольных установах таксама ёсць неабходнасць ва ўдасканаленні культуры харчавання, дааснашчэнні неабходным абсталяваннем.

11 лістапада 2023, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/1/71430
Текущая дата: 30.12.2024