Белорусский портал в Казахстане

Да школы гатовыя



Арганізацыі канцэрна "Беллегпрам" працягваюць пастаўкі на ўнутраны рынак адзення і абутку для дзяцей школьнага ўзросту.

Як паведамілі ў прэс-службе канцэрна, на 27 ліпеня швейныя, трыкатажныя і абутковыя фабрыкі паставілі ў магазіны краіны 797,2 тыс. адзінак адзення для школьнікаў, або 94,1% да задання Міністэрства гандлю, у тым ліку для хлопчыкаў — 567,3 тыс. штук, або 98% да задання, для дзяўчынак — 229,9 тыс. штук, або 85,5%.

Трыкатажных вырабаў для школьнікаў пастаўлена 355,8 тыс. штук (71,4%), абутку для дзяцей школьнага ўзросту — 325,8 тыс. пар (84,5%).

Аб`ёмы паставак і асартыментныя калекцыі адзення і абутку для дзяцей школьнага ўзросту да новага навучальнага года ўзгоднены паміж канцэрнам "Беллегпрам" і Міністэрствам гандлю. У адпаведнасці з заказам у беларускія магазіны ў чэрвені—жніўні паступяць 847,6 тыс. адзінак швейных вырабаў, 498,5 тыс. трыкатажных вырабаў, 273,9 тыс. пар абутку.

Спецыялісты канцэрна адзначаюць умераны тэмп росту продажу школьнага асартыменту сёлета ў параўнанні з ажыятажным попытам мінулага года. Скаргаў на адрас вытворцаў ад гандлюючых арганізацый краіны і спажыўцоў у канцэрн не паступала. Пастаўкі будуць працягвацца да канца жніўня і пачатку верасня, зазначыла прэс-служба.

Вырабам школьнага адзення занятыя 14 швейных фабрык канцэрна, сем трыкатажных і восем абутковых.

Канцэрн "Беллегпрам" створаны ў 1992 годзе на базе Міністэрства лёгкай прамысловасці БССР. Зараз канцэрн з`яўляецца аб`яднаннем юрыдычных асоб, якія прадстаўляюць тэкстыльную, трыкатажную, швейную, гарбарную, абутковую, футравую, галантарэйную і фарфоравую галіны. Канцэрн падпарадкаваны Савету міністраў і прадстаўляе інтарэсы 110 арганізацый рознай формы ўласнасці з колькасцю работнікаў звыш 60 тыс. чалавек. На долю канцэрна "Беллегпрам" прыпадае каля 60% вырабляемай у краіне прадукцыі лёгкай прамысловасці і 21% агульнага аб`ёму вытворчасці айчынных нехарчовых тавараў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/12/15537
Текущая дата: 22.12.2024