Міністр адукацыі Андрэй Іванец распавёў, як будзе праходзіць размеркаванне ў гэтым навучальным годзе, у тым ліку для выпускнікоў платнай формы навучання
«Кожны з нас разумее, што маладога спецыяліста без досведу работы далёка не кожны наймальнік хоча браць на працу. У нашай краіне захавана сістэма размеркавання, гарантаванага прадастаўлення першага працоўнага месца. Больш за тое, такі малады чалавек цяпер атрымлівае статус маладога спецыяліста, а гэта 20% надбаўка да акладу, магчымасць прадастаўлення інтэрната, пастаноўка на льготную чаргу будаўніцтва жылля. Гэта ўсё вельмі сур’ёзныя меры стымулюючай падтрымкі. Тыя маладыя людзі, якія сканчаюць платную форму навучання, з’яўляюцца сапраўды такімі ж нашымі выпускнікамі. І яны маюць права скарыстацца гэтай магчымасцю і стаць маладым спецыялістам. Гэта не кажа пра тое, што мы будзем абавязваць нашых выпускнікоў платнай формы навучання размяркоўвацца, але мы будзем актыўна прапаноўваць ім выкарыстоўваць такую магчымасць, паказваць яе перавагі», — распавёў Андрэй Іванец.
Міністр адукацыі дадаў, што гэтая стратэгія не новая. «Дадзеная практыка замацавана ў Кодэксе аб адукацыі і прымяняецца ўжо на працягу шэрагу гадоў. Яна не з’яўляецца навіной гэтага навучальнага года», — сказаў на заканчэнне ён.
Звязда, 24 лістапада 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/4/67179
Текущая дата: 22.12.2024