Белорусский портал в Казахстане

Хакатон для настаўнікаў і прадстаўнікоў ІТ-сферы пройдзе ў Мінску



EduTHON — гэта двухдзённая творчая лабараторыя, падчас якой прафесіяналы са сферы адукацыі і ІТ збіраюцца разам, каб абмяняцца ідэямі, аб`яднацца па інтарэсах і стварыць карысны прадукт.

Гэта можа быць прапанова па рашэнні праблемы ў сферы адукацыі (першыя крокі і канцэпцыя праекта) або тэхнічны адукацыйны прадукт (мабільная праграма, вэб-сэрвіс).

Хакатон  для настаўнікаў — гэта выдатная магчымасць прапампаваць навыкі праектнай дзейнасці, паспрабаваць новы фармат, які можна будзе выкарыстоўваць на занятках, даведацца больш пра інфармацыйныя тэхналогіі і сучасныя прафесіі.

Для прадстаўнікоў ІТ-сферы, якія маюць навыкі праграмавання, хакатон — магчымасць прымяніць на практыцы свае веды і новыя інструменты, падзяліцца карыснымі тэхнікамі з педагогамі. Тэмы, над якімі можна працаваць, ніхто не абмяжоўвае: можна выбраць любую, напрыклад, навыкі ХХІ стагоддзя, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, сувязь паміж бізнесам і школамі.

Вынікам хакатона і сумеснай працы настаўнікаў і IT-спецыялістаў павінен стаць  прататып будучай праграмы ці ўжо гатовы да запуску мінімальна жыццяздольны прадукт, першая версія праграмы, на якой можна пратэсціраваць ідэю.

Удзел у хакатоне — бясплатны. Настаўнікам з іншых гарадоў на час мерапрыемства прадастаўляецца жыллё. Заяўкі на ўдзел у хакатоне прымаюцца да 15 сакавіка.

Мерапрыемства арганізуе Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” пры падтрымцы кампаніі PandaDoc.

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 11 сакавіка 2109

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/7/47148
Текущая дата: 22.12.2024