Белорусский портал в Казахстане

Спецыялісты расказалі аб перавагах прафадукацыі ў Беларусі



Абітурыентаў у бягучым годзе набіраюць 127 прафесійна-тэхнічных каледжаў і 47 устаноў, якія рэалізуюць праграму прафтэхадукацыі.

Сярэдняя спецыяльная і прафесійна-тэхнічная адукацыя ў Беларусі арыентавана на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту і іншых галін эканомікі. Пры гэтым яна завязана на канкрэтныя рэгіянальныя патрэбнасці, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч

Выбраць можна з больш як 260 прафесій. З іх пяць новыя. "У прафкаледжах пачнуць рыхтаваць апаратчыкаў апрацоўкі шкловалакністых матэрыялаў, дублення, аддзелачнікаў футравых шкурак, зборшчыкаў вырабаў з пластмас і аператараў сістэмы аўтаматызаванага вырабу лякал. Самае галоўнае, і гэта сведчыць аб гібкасці прафтэхадукацыі, - адкрыта падрыхтоўка па 151 новай для асобных каледжаў прафесіі. Рашэнне прымалася з улікам прагнозу рэгіянальнай патрэбнасці ў кадрах", - расказаў Сяргей Каспяровіч.

На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём вядуць 110 каледжаў і 83 установы адукацыі, якія рэалізуюць адпаведныя праграмы.

"Спецыяльнасцей 156. Усе яны адпрацоўваюцца кропкава. І зноў жа прыём у той ці іншы каледж у першую чаргу вызначаецца зыходзячы з заказу, рэгіянальнай патрэбнасці", - адзначыў прадстаўнік Мінадукацыі.

Сярод найбольш запатрабаваных - IT-спецыяльнасці. "Айцішнікаў у Беларусі рыхтуюць не толькі на ўзроўні вышэйшай адукацыі, але і сярэдняй спецыяльнай. Так, у бягучым годзе павялічылася колькасць каледжаў, у якіх можна асвоіць прафесію IT-профілю. Размова ідзе аб такіх спецыяльнасцях, як "праграміруемыя мабільныя сістэмы", "тэставанне праграмнага забеспячэння", - дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафадукацыі. У ССНУ адкрываюцца і новыя тэхнічныя спецыяльнасці: "тэхнічная эксплуатацыя абсталявання", "хімічная тэхналогія перапрацоўкі драўніны", "тэхналогія машынабудавання" і іншыя.

Новыя спецыяльнасці гуманітарнай накіраванасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай у адрозненне ад вышэйшай адкрываюцца радзей. У якасці прыкладу Сяргей Каспяровіч прывёў лінгвагуманітарны каледж МДЛУ, дзе ўпершыню адкрылі прыём на "лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацый".

У асноўным жа каледжы арыентаваны на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для вытворчых сектараў эканомікі. Спецыяліст звярнуў увагу, што ў Беларусі ў кожнага ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю бесперапынна.

Навучэнцы, якія авалодалі прафесіяй на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, могуць атрымаць сярэднюю спецыяльную па падобнай спецыяльнасці ў скарочаныя тэрміны.

Аналагічна, адвучыўшыся ў ССНУ, можна паступаць у ВНУ. Дастаткова прайсці ўнутраныя іспыты, без ЦТ.

Сяргей Каспяровіч параіў абітурыентам зыходзіць з уласных інтарэсаў пры выбары будучага месца вучобы і прафесіі без аглядкі на іх папулярнасць або непапулярнасць у равеснікаў. Сарыентавацца дапамогуць зборнікі для паступаючых у каледжы і ўстановы прафесійна-тэхнічныя адукацыі з пералікам спецыяльнасцей і прафесій, па якіх вядзецца прыём. Гэтыя і іншыя карысныя матэрыялы размешчаны на сайце Мінадукацыі ў раздзеле "Абітурыенту".

24 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/7/48949
Текущая дата: 22.12.2024