Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі больш за тысячу студэнтаў-платнікаў захацелі атрымаць размеркаванне



Аб гэтым 13 чэрвеня паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў час сустрэчы са студэнтамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

Ігар Карпенка адзначыў, што цяпер студэнты, якія вучацца на платным аддзяленні, могуць прэтэндаваць на размеркаванне і атрымаць першы вопыт работы.

"У нас у гэтым годзе больш за тысячу студэнтаў-платнікаў ужо звярнуліся з просьбай размеркаваць іх. Але ў нас ёсць заканадаўчая калізія: на іх не распаўсюджваецца статус маладога спецыяліста ў адрозненне ад бюджэтнікаў. У новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі мы заклалі норму, што, калі студэнт-платнік звяртаецца ў камісію па размеркаванне, на яго таксама распаўсюджваецца статус маладога спецыяліста з усімі вынікаючымі сацыяльнымі гарантыямі", - растлумачыў ён.

Паводле слоў міністра адукацыі, платная адукацыя ў вышэйшай школе Беларусі таксама з`яўляецца формай сацыяльнай абароны студэнта.

"Выйсці на рынак працы пасля школы і канкурыраваць на ім значна складаней, чым пасля ВНУ. Па-другое, сёння платная адукацыя ў поўным аб`ёме не пакрывае ўсе затраты, якія патрабуюцца для падрыхтоўкі спецыяліста, гэта значыць, па сутнасці, гэта з`яўляецца частковай аплатай адукацыі. Акрамя таго, ёсць сістэма льготнага крэдыту. Плюс да гэтага любы платнік можа прыпыніць адукацыю, пайсці папрацаваць, перавесціся на завочнае - паспрабаваць сумяшчаць вучобу і работу. Ёсць механізмы, якія дазваляюць гэта зрабіць", - падкрэсліў Ігар Карпенка.

Сустрэча міністра адукацыі са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі прайшла ў форме дыялогу.

Студэнты задавалі пытанні аб плюсах магістранта перад бакалаўрам пры ўладкаванні на працу, цікавіліся любімым відам спорту міністра, яго ўспамінамі аб студэнцкіх гадах. Акрамя таго, прысутныя абмеркавалі актуальныя пытанні адукацыі, моладзевай палітыкі і ў цэлым жыццядзейнасці студэнцкай моладзі.

13 чэрвеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-402/8/43816
Текущая дата: 22.12.2024