Белорусский портал в Казахстане

Камп`ютарная аўдыторыя роты інфармацыйных тэхналогій адкрылася ў Ваеннай акадэміі



У Ваеннай акадэміі 26 снежня адкрылася камп`ютарная аўдыторыя роты інфармацыйных тэхналогій.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел міністр абароны Андрэй Раўкоў, начальнік Генеральнага штаба УС - першы намеснік міністра абароны Алег Белаконеў, дырэктар дзяржаўнай установы "Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій" Усевалад Янчэўскі.

У час цырымоніі адкрыцця міністр абароны адзначыў, што ў ВНУ створана неабходная сучасная інфраструктура для работы і пражывання ваеннаслужачых. У акадэміі выконваецца шырокі спектр навукова-даследчых работ. Сярод праектаў ключавое значэнне маюць тыя, што звязаны з мадэляваннем ваенных дзеянняў, навігацыйным забеспячэннем, распрацоўкай аўтаматызаваных сістэм кіравання і радыёлакацыі.

Задачы ваеннаслужачых ІТ-роты будуць звязаны непасрэдна з праграмаваннем. У аўдыторыі на гэты момант разгорнута 44 рабочыя месцы. За кожным маладым чалавекам на ўвесь час службы будзе замацаваны асобны сучасны камп`ютар.

Першапачатковы конкурс у роту інфармацыйных тэхналогій перасягнуў 8 чалавек на месца. Для праходжання службы адабраны 40 маладых людзей з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй па ІТ-спецыяльнасці, якія праявілі найбольшую зацікаўленасць у службе ў роце інфармацыйных тэхналогій.

"Гэтыя ваеннаслужачыя прайшлі сур`ёзны конкурсны адбор. Яны матываваныя і сканцэнтраваны на вынік", - падкрэсліў Андрэй Раўкоў.

Ён дадаў, што ў кожнага ваеннаслужачага ІТ-роты будзе кіраўнік з ліку афіцэраў Ваеннай акадэміі, навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл, упраўленняў Міністэрства абароны і Генштаба.

Куратары будуць вызначаць для маладых людзей алгарытм работы. Ваеннаслужачыя прайшлі курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, выканалі практыкаванні стральбы, прынялі Ваенную прысягу.

Цяпер у іх працягваецца агульнавайсковая падрыхтоўка. Рота інфармацыйных тэхналогій сфарміравана ў Ваеннай акадэміі для далейшага павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі Узброеных Сіл шляхам максімальнага выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу ІТ-спецыялістаў.

Акрамя таго, сумесна з Ваеннай акадэміяй і іншымі навучальнымі і навуковымі ўстановамі УС яна будзе займацца распрацоўкай ПЗ, спецыяльных і прыкладных праграм.

26 снежня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-412/1/46232
Текущая дата: 20.04.2024