Белорусский портал в Казахстане

Мінімальная зарплата ў Беларусі павышаецца да Br305



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

У Беларусі з 1 студзеня пастановай Савета Міністраў ад 28 снежня 2017 года нумар 1022 месячная мінімальная заработная плата (МЗП) павялічваецца да Br305. 

З 1 студзеня 2017 года месячная МЗП была ўстаноўлена ўрадам у памеры Br265. Наймальнік абавязаны прымяняць мінімальную зарплату (месячную і пагадзінную) у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў за работу ў нармальных умовах на працягу нармальнай працягласці рабочага часу пры выкананні абавязкаў работніка, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнага дагавора.

Пры гэтым мінімальная зарплата (месячная і пагадзінная) прымяняецца з улікам адпрацаванага рабочага часу. Прававая аснова вызначэння памеру МЗП і яе прымянення рэгламентавана законам "Аб устанаўленні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы". Дзеянне закона распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў і наймальнікаў, якія заключылі працоўны дагавор на тэрыторыі рэспублікі.

Памер месячнай МЗП устанаўліваецца Саўмінам штогод з 1 студзеня. Калектыўным дагаворам (пагадненнем) можа быць устаноўлены іншы памер, але не ніжэйшы за МЗП, устаноўленую ў адпаведнасці з законам.

Месячная мінімальная зарплата на працягу года падлягае індэксацыі ў парадку, прадугледжаным для індэксацыі даходаў, атрыманых з бюджэтных крыніц, у адпаведнасці з заканадаўствам аб індэксацыі даходаў насельніцтва з улікам інфляцыі.

Памер пагадзіннай мінімальнай зарплаты вызначаецца наймальнікам шляхам падзелу памеру месячнай МЗП на суадносіны разліковай нормы рабочага часу каляндарнага года, устаноўленай для адпаведных катэгорый работнікаў наймальнікам, і колькасці месяцаў каляндарнага года.

Пагадзінная МЗП змяняецца наймальнікам пры змяненні месячнай мінімальнай заработнай платы, у тым ліку ў сувязі з індэксацыяй яе памеру. Месячная мінімальная зарплата прымяняецца ў адносінах да работнікаў, аплата працы якіх праводзіцца на аснове месячных тарыфных ставак (акладаў, службовых акладаў).

Пагадзінная мінімальная заработная плата прымяняецца ў адносінах да работнікаў, аплата працы якіх праводзіцца на аснове пагадзінных тарыфных ставак (акладаў, службовых акладаў).

29 снежня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-/12/41871
Текущая дата: 23.11.2024