У плянах на 2018 год беларусізацыі заканадаўства не прадугледжана. Пра гэта паведамляецца ў лісьце зь Міністэрства юстыцыі, які атрымала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Паводле Мінʼюсту, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў унёс на зацьвярджэньне кіраўніка Беларусі праект Пляну падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год — пасьля ўзгадненьня з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі (Палатай прадстаўнікоў, Саветам Рэспублікі і Саўмінам).
«Як паведамляе Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, праектам Пляну падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год падрыхтоўка праектаў законаў на беларускай або адначасова на беларускай і рускай мовах не прадугледжана», — гаворыцца ў адказе.
Як кажа Алена Анісім, улады «не зьбіраюцца выконваць Канстытуцыю ў пляне роўнага функцыянаваньня абедзьвюх дзяржаўных моваў».
«Для мяне адназначна, што Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў — гэта тое ведамства, якое тармозіць і справу, і ўсіх астатніх. Спасылаецца на адсутнасьць нейкага рэглямэнту, мэханізму. А на самой справе ніхто ня хоча рабіць канкрэтных крокаў», — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы.
Ліст зь Мінʼюсту стаў адказам на дэпутацкі запыт Анісім, які яна публічна зрабіла ўраду напрыканцы 2017 году. Тады дэпутатка скарысталася прысутнасьцю ў Авальнай залі ўрадоўцаў на чале зь віцэ-прэмʼерам Уладзімерам Сямашкам і запыталася: якія законапраекты на 2018 год урад рыхтуе на дзьвюх дзяржаўных мовах?
Чаму дэпутатка дамагаецца юрыдычнага прэцэдэнту
Спадарыня Анісім спрабуе стварыць у Палаце прадстаўнікоў юрыдычны прэцэдэнт: прыняць закон аб нарматыўна-прававых актах адначасова і на беларускай, і на расейскай мове.
Адсутнасьць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэньне Канстытуцыі і немагчымасьць грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку на падставе юрыдычна правамоцных законаў, лічыць Алена Анісім. А паколькі законаў на беларускай мове няма, то пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы.
Дэпутатка Анісім тлумачыць, што гаворка вядзецца пра базавы закон, які рэгулюе «ўсё заканадаўства, усе прававыя акты».
«Пасьля прыняцьця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе казаць, што мэханізм прыняцьця законаў на дзьвюх мовах гатовы да запуску. Наша задача — вярнуць Беларусь у прававое поле ў справе прыняцьця законаў», — кажа яна.
Грошы тут не галоўнае
Старшыня Таварыства беларускай мовы лічыць, што новая ініцыятыва не запатрабуе і істотных дзяржаўных сродкаў, чаго баяцца некаторыя чыноўнікі.
«Законапраект аб нарматыўна-прававых актах цалкам падрыхтаваны грамадзкай ініцыятывай. На яго не патрацілі ні капейкі дзяржаўных сродкаў. Далей можна стварыць міжведамасную працоўную групу экспэртаў зь Міністэрства юстыцыі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў, дэпутатаў, навукоўцаў з Акадэміі навук і БДУ. І яны дзеля эканоміі грошай будуць на этапе другога чытаньня ўзаконьваць варыянт на адной ці другой дзяржаўных мовах. То бок будзе засьведчана, што гэтыя тэксты ідэнтычныя і маюць аднолькавую юрыдычную моц у выпадку іх прыняцьця», — кажа дэпутатка.
Яна запэўнівае, што ня трэба галасаваць двойчы за кожны тэкст: «Галасуецца адзін раз за тэкст на дзьвюх дзяржаўных мовах. І тады будуць абсалютна мінімізаваныя бюджэтныя сродкі».
Без грамадзкіх слуханьняў не абысьціся
Адказ Мінʼюста канчаткова пераканаў Алену Анісім, што іншага выйсьця з сытуацыі, як правядзеньне грамадзкіх слуханьняў, няма.
«Спачатку я спадзявалася, што рэальна іх можна было б правесьці ў першай палове студзеня. Але цяпер бачу, што так хутка не атрымаецца. Тут жа справа ня ў тым, каб толькі сабрацца. Важна сабраць шырокую аўдыторыю, каб прыйшлі прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў, дэпутаты, супрацоўнікі міністэрстваў... Гэтую справу нельга зрабіць проста піярна. Патрэбныя грунтоўнасьць і станоўчы вынік», — кажа Алена Анісім.
Уладзімер Глод
Радыё Свабода, 10 студзеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-/12/42092
Текущая дата: 23.11.2024