Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі дадуць большую свабоду бізнесу, але павінен быць выкананы баланс у плане адказнасці за парушэнні



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 19 верасня з дакладам дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, тэмай даклада быў законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, накіраваны на лібералізацыю заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці ў частцы прадпрымальніцкай дзейнасці. Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у гэтай сферы будзе сярод вядучых дзяржаў.

"Мы даем вялікую свабоду нашаму бізнесу. Беспрэцэдэнтную свабоду і льготы — ідзіце працуйце, — заявіў беларускі афіцыйны лідар. — З іншага боку — вельмі строгая адказнасць за парушэнні. Каб не атрымалася, што мы прадэкларавалі адказнасць суб`ектаў гаспадарання, юрыдычных асоб, рамеснікаў і іншых за парушэнні, а на самай справе другім нарматыўным прававым актам — законам — перакрэслілі ўсё гэта: свабода поўная — адказнасці мала або яе няма. Каб гэты баланс быў выкананы".

Паводле слоў Лукашэнкі, пры выпрацоўцы нарматыўных прававых актаў па развіцці прадпрымальніцтва прадстаўнікі бізнес-супольнасці скардзіліся на надмерна цяжкія штрафы і іншыя адміністрацыйныя пакаранні.

"Вы прапаноўваеце гэтыя штрафы істотна паменшыць па пэўных артыкулах, скараціць сферу прымянення практыкі канфіскацыі маёмасці", — адзначыў ён.

Законапраектам замацоўваюцца ўмовы прыцягнення суб`ектаў гаспадарання да адміністрацыйнай адказнасці, таксама будзе пашыраны пералік падстаў для вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці пры ўмове ліквідацыі парушэнняў і выключаны з заканадаўства незапатрабаваныя на практыцы склады парушэнняў, адзначае прэс-служба.

"Давайце абмяркуем гэты праект закона, які павінен быць разгледжаны ў парламенце. Да 1 кастрычніка, як абяцалі, мы павінны ўвесці гэтыя нормы ў дзеянне. Укладземся ці не?" — спытаў Лукашэнка.

Іпатаў далажыў, што асноўная задача законапраекта — "забяспечыць разумны і справядлівы баланс". Паводле яго слоў,  спагнанні, якія накладаюцца, павінны быць суразмерныя прычыненай шкодзе, пры гэтым выплата штрафаў не павінна прыводзіць да ліквідацыі прадпрыемстваў і стрымлівання дзелавой ініцыятывы. У той жа час, заявіў ён, адміністрацыйныя санкцыі павінны забяспечваць эканамічную бяспеку і парадак у сферы прадпрымальніцтва.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 19 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-/13/40811
Текущая дата: 26.11.2024