Белорусский портал в Казахстане

Падпісаны ўказ аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў Беларусі



Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў указ № 137 "Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння".

Як паведамляе прэс-служба Прэзідэнта, "дакумент накіраваны на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння ў зменлівых сацыяльна-дэмаграфічных умовах". 

"Указам прадугледжанае паэтапнае з 1 студзеня 2017 года штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамi — 58 гадоў; аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за 6 гадоў) узросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; сувымернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранiчнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых", — паведамляе прэс-служба.

"Згаданае павышэнне гранiчнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе (службе ў ваенізаваных арганізацыях) не распаўсюджваецца на ваеннаслужачых (супрацоўнікаў), прызнаных ваенна-ўрачэбнай камісіяй па стане здароўя непрыгоднымі (якія не адпавядаюць спецыяльным патрабаванням) да ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях) па займаных пасадах, катэгорыі якіх зацвярджаюцца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ва ўказе.

У адпаведнасці з указам кіраўнікам арганізацый (незалежна ад формаў уласнасці) рэкамендавана больш шырока прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

Савету міністраў сумесна з дзяржсакратарыятам Савета бяспекі і іншымі зацікаўленымі органамі даручана ў шасцімесячны тэрмін зрабіць захады па рэалізацыі ўказа.

Нагадаем, 25 сакавіка на нарадзе па пытаннях удасканалення пенсійнай сістэмы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён уважліва назірае за абмеркаваннем гэтай тэмы ў грамадстве. "Павінен сказаць, што сёння ўжо цвёрдая большасць нашага насельніцтва згодная на павышэнне пенсійнага ўзросту. Я не кажу пра тое, падабаецца камусьці ці не падабаецца. Нават тыя, каму гэта не падабаецца, нарэшце, зразумелі, што рана ці позна мы гэтую праблему павінны вырашаць. І час вырашэння праблемы прыйшоў", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "людзі, якія працуюць, ужо сёння адчуваюць праблемы з утрыманнем пенсіянераў". "У той жа час мы абсалютна разумеем, што з-за гэтага, з-за сітуацыі, якая складваецца, пенсійны фонд у нас не расце, і нам ужо сёння з бюджэту даводзіцца фінансаваць пенсійны фонд. Гэта нікуды не варта. Мы такім чынам забіраем ва ўрачоў, настаўнікаў, ваенных і гэтак далей пэўныя сродкі, не развіваем дзяржаўныя і іншыя праграмы, аддаючы грошы на тое, каб падтрымаць пенсіянераў. Гэта дрэнна. У той жа час разумеем, што паменшыць пенсіі нельга, гэтак жа, як і нельга павялічыць падаткі або сацыяльныя ўклады, плацяжы ў гэтыя сацыяльныя фонды. Гэта таксама не шлях. Таму ад прыняцця адпаведных рашэнняў нам нікуды не дзецца", —  заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле звестак статыстыкі, у органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў лютым бягучага года на ўліку знаходзілася 2 млн. 592,1 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 2 млн. 815,5 тыс. рублёў, што ў 2,3 разу перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму для пенсіянераў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 красавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-/17/35153
Текущая дата: 23.11.2024