Нацыянальны тэхнічны рэгламент на медыцынскія вырабы адменены ў Беларусі.
Адпаведнае рашэнне замацавана ў пастанове Савета міністраў № 1287 ад 31 снежня 2014 года, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Гэты рэгламент быў зацверджаны ў 2010 годзе, аднак з улікам развіцця заканадаўства ў Мытным саюзе тэрміны яго ўваходжання ў сілу ўжо двойчы пераносіліся. Затым паступіла прапанова аб яго адмене. Як растлумачылі ў прэс-службе, падстаў для гэтага было некалькі. У прыватнасці, пытанні рэгулявання медыцынскіх вырабаў уключаны ў дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, у якім устаноўлена, што дзяржавы-члены ствараюць у межах саюза агульны рынак медыцынскіх вырабаў (вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі) з адзінымі патрабаваннямі і працэдурамі іх ацэнкі. Пачаць функцыянаваць рынак павінен 1 студзеня 2016 года. Зараз на завяршальнай стадыі знаходзіцца распрацоўка міжнароднага дагавора, які будзе вызначаць адзіныя прынцыпы і правілы абарачэння медыцынскіх вырабаў. Таксама распрацоўваецца шэраг іншых актаў, скіраваных на рэалізацыю дагавора, паведамляе прэс-служба.
Апрача таго, абавязковыя патрабаванні да медыцынскіх вырабаў устаноўлены ў межах Мытнага саюза (Адзіныя санітарна-эпідэміялагічны і гігіенічныя патрабаванні да тавараў, што падлягаюць санітарна-эпідэміялагічнаму нагляду (кантролю)), а таксама на дзяржаўным узроўні ў Беларусі шляхам кантролю пры дзяржаўнай рэгістрацыі і прымяненні адпаведных санітарных норм і правіл.
З улікам усіх гэтых акалічнасцяў прынята рашэнне адмяніць тэхнічны рэгламент Беларусі ТР 2010/006/BY "Медыцынскія вырабы. Бяспека" 1 студзеня 2015 года, рэзюмуе прэс-служба.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 студзеня 2015
Мінск, 8 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-/21/28893
Текущая дата: 28.12.2024