Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі плануецца ўвесці ліміт разлікаў наяўнымі грашамі ў 1 тыс. базавых велічынь



Такая навацыя прадугледжана праектам указа аб некаторых пытаннях развіцця безнаяўных разлікаў.

Тысячай базавых велічынь (цяпер адна БВ складае Br150 тыс.) праектам указа прапануецца абмежаваць суму плацяжу наяўнымі грашамі ў беларускіх рублях пры правядзенні фізічнымі асобамі разлікаў, не звязаных з прадпрымальніцкай дзейнасцю, па аплаце тавараў (работ, паслуг), рэалізуемых юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Гэта абмежаванне не будзе распаўсюджвацца на плацяжы, якія ўносяцца наяўнымі грашамі непасрэдна ў касы банкаў для залічэння на банкаўскія рахункі юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі прапануемы ліміт будзе перавышаны, то гэта можа стаць прычынай накладання штрафу на ІП (ад 100 да 300 базавых велічынь), юрыдычную асобу (ад 300 да 500 БВ).

Паводле даных Міністэрства па падатках і зборах, фіксуюцца факты адмовы гандлёвых аб`ектаў у прыёме картак для разлікаў пры продажы тавараў, аплаце работ, паслуг. Прадаўцы тлумачаць гэта тэхнічнымі і іншымі прычынамі, што парушае інтарэсы грамадзян - трымальнікаў картак, выдадзеных па "зарплатных" праектах. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае за гэта ніякай адказнасці. Праектам указа прапануецца ўстанавіць адміністрацыйныя спагнанні ў адносінах да суб`ектаў гаспадарання, якія не забяспечваюць магчымасці разлікаў з выкарыстаннем пластыкавай карткі. Гэта павінна стымуляваць іх устанаўліваць плацежныя тэрміналы. Штраф для індывідуальнага прадпрымальніка можа скласці ад 50 да 100 базавых велічынь, для юрыдычнай асобы - ад 300 да 500 базавых велічынь.

У праекце ўказа прапануецца прадугледзець уключэнне юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў працоўныя дагаворы (кантракты) са сваімі работнікамі нормы аб магчымасці залічэння зарплаты на банкаўскія рахункі, да якіх выдаюцца банкаўскія плацежныя карткі. Раней у Беларусі быў забяспечаны пераход на выкарыстанне картак для налічэння зарплаты работнікам бюджэтных арганізацый, дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў, кантрольны пакет акцый якіх належыць дзяржаве. Гэта дало магчымасць палепшыць якасныя ўмовы аплаты працы, павысіць фінансавую культуру насельніцтва.

Акрамя таго, для павышэння прывабнасці безнаяўных разлікаў для насельніцтва праектам указа прапануецца да 1 студзеня 2017 года не абкладаць падаходным падаткам даходы фізічных асоб, якія ім выплачваюць беларускія банкі ў выглядзе працэнтаў ад сумы аплаты тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак, сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Пры гэтым даход не павінен перавышаць 2 працэнты ад сумы, расходаванай на тавары і г.д.

Як чакаецца, прыняцце ўказа дасць магчымасць павялічыць долю безнаяўных разлікаў пры ажыццяўленні рознічных плацяжоў, што паслужыць стымулюючай мерай для павышэння эфектыўнасці эканомікі, празрыстасці аперацый суб`ектаў гаспадарання і насельніцтва. Вырашэнне задачы па пераводу ў безнаяўны абарот значнай часткі плацяжоў, што ажыццяўляюцца грамадзянамі пры разліках з прадпрыемствамі і арганізацыямі, мае вялікае значэнне для эканомікі краіны ў цэлым, садзейнічае напаўняльнасці бюджэту, прытоку рэсурсаў у банкаўскую сістэму для крэдытавання рэальнага сектара эканомікі, аптымізацыі выдаткаў і развіццю перадавых тэхналогій, павышэнню агульнай плацежнай культуры.

17 чэрвеня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/16-/22/26283
Текущая дата: 23.11.2024